Без перабольшвання падворак Марыі Аляксандраўны Барысенка у в. Куравое самы прыгожы і дагледжаны. Суседзі, напэўна, прывыклі ўжо сузіраць кветкавае багацце, што пануе тут, а вось чалавеку пабочнаму, які ўпершыню праходзіць міма дома, – вачэй ад гэтага хараства не адарваць, асабліва ўлетку.
– Калі толькі з’яўляюцца першыя вясновыя прыкметы, на маім двары прабіваюцца падснежнікі, – зазначае яна. – Ледзь пазней зацвітаюць нарцысы, крокусы, гіацынты, цюльпаны. І такі кветказварот працягваецца да самай позняй восені. Дарэчы, з позніх кветак больш за ўсё люблю астры. А яшчэ вельмі захапляюся партулакам. Бачыце, якім дываном рассцілаецца на зямлі ён, быццам дыван вытканы.
Пералік сартоў кветак, якія знайшлі пастаянную прапіску на падворку М.А. Барысенка, надзвычай вялікі, кожнаму знайшлося месца на астраўку прыгажосці. Грацыёзныя ружы, стройныя рознакаляровыя ліліі, пералівістыя званочкі, чароўная наперстаўка…
– Ушчыльную занялася кветкаводствам, – працягвае свой расказ Марыя Аляксандраўна, –пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак. Маю ўласнае насенне кветак, некаторыя заказваю па каталогу. Увогуле, калі недзе пабачу новую кветку, думаю пра сябе – гэта мая. І прыкладу ўсе намаганні, каб яна з’явілася ў мяне.
Жыццё гэтай жанчыны з водарам кветак лёгкім не назавеш. На яе дзяцінства прыпала Вялікая Айчынная вайна. Разам з маці, Анастасіяй Данілаўнай, трохгадовай дзяўчынкай была ўгнана ў фашысцкае рабства, бацька, Аляксандр Рыгоравіч, змагаўся з ненавісным ворагам, дайшоў да Берліна. Пасля вайны, у малым узросце, як старэйшая з сясцёр, дапамагала маці, якая працавала даяркай, бо ў сям’і выхоўвалася дзесяць дзяцей. Пасля заканчэння Небытаўскай сямігодкі па запрашэнню старэйшага брата Марыя паехала на Украіну. Там працавала на чыгунцы, выйшла замуж, але сямейнае жыццё не склалася, з нарадзіўшайся дачкой вярнулася дамоў. Тут у другі раз выйшла замуж, але зноў не склалася – толькі дзесяць гадоў пражылі разам, бо муж трагічна загінуў. Адной давялося падымаць на ногі двух дачок і сына.
Працавала, як маці, даяркай.
– Вядома, што цяперашнія ўмовы на ферме не параўнаць з ранейшымі, – падкрэслівае Марыя Аляксандраўна. – Тады мы ўсё рабілі ўручную: кароў даілі і кармілі, печку тапілі, каб памыць бідоны, і малако самі ахалоджвалі, гной выдалялі. На ранішнюю дойку падымаліся а чацвёртай гадзіне ночы, вячэрнюю заканчвалі позна. Увесь астатні час аддавала сям’і, агароду, гаспадарцы, дзецям.
Стараннасць даяркі не засталася незаўважанай. Марыя Аляксандраўна Барысенка паказвае Ганаровыя граматы за добрасумленную працу, яна выходзіла пераможцам раённага, абласнога, рэспубліканскага і нават усесаюзнага спабо-рніцтваў. Узнагароджана медалём «За працоўную адзнаку». Тут, на ферме «Куравое» калгаса імя Калініна, раскрыліся такія здольнасці М.А. Барысенка, як велізарная працавітасць, настойлівасць, цярпенне і дабрыня. І ўвесь астатні час да дасягнення пенсійнага ўзросту і яшчэ тры гады будучы на пенсіі з’яўлялася Марыя Аляксандраўна загадчыцай малочнатаварнай фермы, выбіралася дэпутатам Казялужскага сельскага Савета.
– Маё шчасце ў дзецях, – зазначае Марыя Аляксандраўна, – маю пяцёра ўнукаў, дачакалася і праўнучкі, якой два гадкі споўнілася. І ў кветках. Здароўе ўжо не тое, перанесла цяжкую аперацыю. Калі вельмі сумна стане, выйду на падворак, пагляджу на кветкі, і настрой адразу ўздымаецца.
Складаная штука – жыццё. Пакуль чалавек поўны сіл, росціць дзяцей, працуе, вырашае нейкія праблемы, ён аб старасці не задумваецца. А яна падкрадваецца незаўважна з хваробамі, адарванасцю ад соцыума.
– Семдзесят гадоў мне, сказала на развітанне Марыя Аляксандраўна, – а здаецца, быццам іх і не было. Дзеці мае даўно выпырхнулі з бацькоўскага гнязда, жыву адна ў чаканні тэлефонных званкоў сваіх дзяцей і ўнукаў.
Дарэчы, самым лепшым падарункам родныя Марыі Аляксандраўны лічаць букеты кветак, любоўна вырашчаных клапатлівымі матулінымі рукамі.
Клаўдзія БОСАК.