Міні-ферма – на падворку

Сельское хозяйство

У гэтым пераменлівым свеце хіба толькі што руплівая праца дапамагае чалавеку цвёрда стаяць на зямлі, спакойна глядзець у будучае. Дзеля сямейнага дабрабыту муж і жонка Аляксандр Аляксандравіч і Вікторыя Уладзіміраўна Рухлевічы з вёскі Лісцвін стаўку зрабілі на асабістую гаспадарку. І зараз на іх падворку пяць высокапрадуктыўных дойных кароў чорна-пярэстай пароды. Атрыманым малаком сям’я шчодра дзеліцца з дзяржавай – у летнія месяцы здаюць штодня ў сярэднім па 80 літраў, у зімовы перыяд, калі каровы ў запуску,  удвая менш.



Але і гэтага хапае, каб палепшыць сямейнае фінансавае становішча, лічыць гаспадыня Вікторыя Уладзіміраўна,  якая гасцінна сустрэла ў сябе  дома разам з сынам Андрэем і адразу пазнаёміла з насельнікамі дамашняй міні-фермы. Муж знаходзіўся на працы, яму давераны ў КСУП «Веляцін» адказны ўчастак – з’яўляецца ўпраўляючым аддзялення «Паселічы».



– Займацца дамашняй жывёлагадоўляй пачалі тады, калі мама на вяселле ў якасці пасагу падарыла карову па мянушцы Лыска, – расказвае Вікторыя Уладзіміраўна. – Амаль кожны год ад яе нараджаліся цёлачкі, за кошт іх і нарошчвалі дамашняе пагалоўе. І цяпер маем Чарнушку, Зорку, Крошу, Алесю і Лыску нумар два. Канешне, спытаеце, як падаіць такую колькасць кароў? Цяпер гэта робім тры разы ў суткі, першае даенне ў палове чацвёртай гадзіны ночы. Вядома, уручную я гэта зрабіць не змагла б, таму набылі даільны апарат. А яшчэ за жывёлай трэба пастаянна ўбіраць. На падворку механізацыю не ўкараніш, даводзіцца чысціць хлеў уручную.



Рухлевічы сцвярджаюць, што завесці такую клопатную гаспадарку прымусіла само жыццё. Дарослеюць двое дзяцей, хутка паступяць  вучыцца. Сын Андрэй, які закончыў 9 класаў, з дзяцінства марыць стаць урачом, дачка Наташа, якая вучыцца годам пазней, пакуль што не вызначылася з выбарам будучай прафесіі. Дзеці – першыя памочнікі бацькоў у дамашніх справах. Андрэй лічыцца адказным за вырошчванне трусянят: сам выступіў з ініцыятывай стварыць і такую міні-ферму, вырабіў кармушкі і корміць звяркоў сам. А яшчэ на падворку Рухлевічаў утрымліваюцца свінні, куры, індыкі, качкі і, як дадае Вікторыя Уладзіміраўна, пяць катоў і два  сабакі. Кармоў трэба многа, таму апрацоўваюць тры ўчасткі зямлі па 40 сотак кожны. Значыць, сям’я поўнасцю забяспечана бульбай і гароднінай, дыетычным мясам.



Дарэчы, з кармамі дапамагае мясцовае сельгаспрадпрыемства. Вядома, што не за так, а на парытэтнай аснове. Напрыклад, за аднаго бычка летась гаспадаркай выдзелена адна тона сена ў гатовым выглядзе бясплатна і добрую колькасць набылі па палавіннай цане. Акрамя таго, выдзяляецца за адну здадзеную галаву па 100 кілаграмаў збожжа.
Паміж справай Вікторыя Уладзіміраўна расказала сваю біяграфію. Нарадзілася яна ў вёсцы Зарэчча Рагачоўскага раёна, адкуль у 90-ыя гады бацькі пераехалі ў Паселічы. Закончыла Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум, працавала на хойніцкім хлебазаводзе, але работа была пазменнай, таму і дабірацца да райцэнтра было праблематычна. Зараз працуе на палову стаўкі бібліятэкарам Паселіцкай сельскай бібліятэкі. І займаецца дамашняй гаспадаркай. Міжволі здзіўляешся, як з усім гэтым спраўляецца мініяцюрная 35-гадовая жанчына.



_– У мяне сялянскія карані, – зазначыла Вікторыя Уладзіміраўна. – працаваць на зямлі любіла і люблю. А ва ўсіх справах мая першая памочніца свякроў Зоя Іванаўна, ды і бацькі пражываюць непадалёку, заўсёды да іх можна звярнуцца за дапамогай.
Эканамічную навуку сям’я Рухлевічаў спасцігае на асабістай практыцы. Тут табе і планаванне, і маркетынг, і менеджмент. Зорак з неба не хапаюць, але старанна працуюць і жывуць па сумленню.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *