У сельгаспрадпрыемствах раёна ў самым разгары ўборачная кампанія. Аб тым, як складваецца сітуацыя на хлебнай ніве расказвае карэспандэнту “ХН” начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Рыгоравіч ВАРАБЕЙ.
Зараз мы завяршаем уборку азімай пшаніцы (убрана 82 % плошчаў), якая ў цэлым па раёну дала самую высокую аддачу – у сярэднім па 32,8 цэнтнера з гектара, а ў “Хойніцкім Аграсервісе” – нават па 51,6 ц/га. Па 31 цэнтнеру з гектара азімага ячменю атрымалі хлебаробы сельгаспрадпрыемстваў “Судкова” і “Веляцін”.
Практычна завершана і ўборка азімага рапсу, ураджай якога склаў 1927 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 15,7 цэнтнера з гектара. Самы высокі сёлета гэты паказчык атрыманы ў сельгаспрадпрыемстве “Аравічы” – 19,2 цэнтнера з гектара.
У цэлым нельга не адзначыць, што сюрпрызы надвор’я – засуха пачатку лета і дажджы ў чэрвені-ліпені, больш негатыўна адбіліся на яравых культурах, а вось азімыя пацярпелі ў намнога меншай ступені. Пагэтаму і зерне іх нават больш аб’ёмнае, чым у мінулым годзе.
Сёння ва ўсіх гаспадарках раёна дастаткова сучаснай уборачнай тэхнікі для таго, каб укласціся ў вызначаныя тэрміны жніва і ў цэлым мы ідзем па графіку ўборачнай. Аднак лепшыя вынікі атрымліваюць там, дзе працэс жніва дакладна і прадумана арганізаваны – у сельгаспрадпрыемствах “Веляцін”, імя Мележа і “Стралічава”. Гэта пацвярджаюць і лічбы, прыведзеныя мной вышэй.