У мінулым нумары «ХН» дэбютавала рубрыка, пад якой будуць друкавацца матэрыялы на тэму добраўпарадкавання тэрыторый і навядзення парадку на зямлі. Нагадаем, у цэнтр увагі трапляюць стваральнікі рукатворнай прыгажосці і вынікі іх творчай працы. Калі вы самі стварылі прыгожую клумбу або недзе ўбачылі цікавыя малыя архітэктурныя формы, неадкладна тэлефануйце нам у рэдакцыю па нумары 2-11-44 і мы абавязкова прыедзем да вас, каб зрабіць фотаздымкі і паказаць іх нашым чытачам.
А пакуль наш карэспандэнт самастойна працягвае вандроўку па ўтульных кутках малой радзімы. Наступны адрас, які ўразіў сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, вул. Першамайская, д. 5, а менавіта балкон кватэры № 21, які знаходзіцца на першым паверсе. Сярод аднатыпных балконаў шматкватэрнага дома ён адметна выдзяляецца. Рознакаляровыя кветкі вабяць сваёй насычанасцю, зачароўваючы прахожых. Здаецца ўражанне, быццам на невялікай плошчы балкона створаны батанічны сад у мініяцюры. Даведацца, хто даглядае ўсю гэтую прыгажосць, аддаючы любімым раслінам частку сваёй душы, не прадставілася магчымым. Але ж па ўсім зразумела, што гэта чалавек, які заслугоўвае павагі і пахвалы.
Наталля ЧЭКАН.