Беларусь турыстычная: Мір і Нясвіж

Беларусь турыстычная

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў ставіць перад сабой задачу паказаць хайнічанам як мага больш цікавых месцаў у нашай прыгожай краіне і ў суседніх. Прапануюцца экскурсіі на любы густ. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Мікалаеўна Малаш «гарыць» ідэямі і «запальвае» імі работнікаў прадпрыемстваў. Не паспела група хойніцкіх вандроўнікаў вярнуцца з Кіева, як яна адразу ж пачала падштурхоўваць усіх да паездкі ў Нясвіж і Мір. Ва ўсе арганізацыі былі разасланы факсавыя лісты з праграмай тура. Пасля гэтага, для інфармавання, Наталля Мікалаеўна падключыла сваіх прафактывістаў, ды і сама наведвала калектывы, каб разрэкламаваць ваяж у славутыя беларускія мясціны.
У выніку сабралася «каманда» турыстаў. І ў мінулую суботу мы накіраваліся ў цудоўнае падарожжа. Прырода падарыла яркі сонечны дзянёк дагараючай восені. Ехалі на (як дагэтуль называюць у народзе) «атупаўскім» крафтэры – камфартабельным аўтамабілі. Чатыры з паловай гадзіны за праглядам фільмаў і любаваннем краявідаў за акном – і мы апынуліся на месцы. У Міры.
Замкавы комплекс «Мір» XVI-XX стст. – гісторыка-культурная каштоўнасць нацыянальнага значэння і сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Ён захаваў дух часу. Тут неверагодная атмасфера! Мы пабывалі ў музеі з 39 экспазіцыямі, прагуляліся па парку, каля сажалкі. Азнаёміліся з гісторыяй замка, на кожным кроку адзначаючы для сябе яго ўнікальныя архітэктурныя асаблівасці. Пабывалі ў прыгожых княжацкіх пакоях – Сталовай хаце і Партрэтнай зале, дакрануліся да абарончай сцяны пачатку XVI стагоддзя, прагуляліся па баявых галерэях і ярусах абарончых вежаў, спусціліся ў турэмны склеп, зазірнулі ў падвалы, дзе прадстаўлена экспазіцыя, якая расказвае пра добраўпарадкаванне віннага склепа, кладоўках, прадуктах, якія ўжываліся ў ежу ў XVII-XVIII стагоддзі.
Акрамя таго, нам пашанцавала трапіць на выступленне тэатра «Шатландская пяхота». Спачатку артысты правялі невялікі гістарычны экскурс, а пасля байцы паказалі стратэгію атакі і прапанавалі гледачам паўдзельнічаць самім у мініяцюры, каб адчуць дух «горцаў».
Але на гэтым прыемныя сюрпрызы не закончыліся. Менавіта ў дзень нашага наведвання ў Партрэтнай зале Мірскага замка адбыўся канцэрт лютнявай музыкі лаўрэата міжнародных конкурсаў, магістра мастацтваў Уладзіміра Захарава. Мы атрымалі ўнікальную магчымасць убачыць старадаўні музычны інструмент і атрымаць асалоду ад яго незвычайнага гучання.
Знаходзячыся пад вялікім уражаннем, мы працягваем свой шлях. Накіроўваемся ў Нясвіж. Спачатку пабывалі ў фарным касцёле – гэта архітэктурны помнік ранняга барока і першы езуіцкі касцёл на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Вельмі шмат цікавых гісторый з ім звязана. Расказ экскурсавода ўсе слухалі, затаіўшы дыханне. У падзямеллі пад касцёлам, у крыпце, знаходзіцца радавы магільны склеп. Там у 78 трунах-саркафагах спачываюць забальзамаваные целы Радзівілаў шматлікіх пакаленняў. Неапісальныя адчуванні ўзнікаюць у час знаходжання там…
Апошняй кропкай нашага маршрута стаў Нясвіжскі замак. Падрабязней расказваць не буду, бо мы нядаўна пісалі аб ім у нашым праекце «Беларусь турыстычная». Але адзначу, што месца казачнае!
Кожны з нас прывёз незабыўныя ўражанні і мноства фатаграфій. Многія здымкі з нашай паездкі сустракаліся мне ў сацыяльных сетках. Да слова, пад адным з фота быў размешчаны хэштэг «#одинизлучшихдней». Гэты каментарый яшчэ раз пацверджвае, што паездка атрымалася выдатнай. Таму, калі вам прафсаюз яшчэ прапануе нейкую вандроўку, не спяшайцеся адмаўляцца.

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *