Актыўную жыццёвую пазіцыю займае хайнічанка П.І. Аўдзеенка. Нягледзячы на свой даволі сталы ўзрост, 82 гады як ніяк адлічыла, ведае ўсе навіны раёна, цікавіцца падзеямі, што адбываюцца ў рэспубліцы, па-за межамі краіны.
Завітаць у госці вырашылі з нагоды распачаўшайся падпісной кампаніі на раённую газету: Паліна Іванаўна доўгі час з’яўляецца нашай падпісчыцай. Не прапускае ў газеце ніводнага матэрыялу, захоўвае многія выпускі, што і прадэманстравала.
За размовамі пра жыццё час праляцеў хутка. Паліна Іванаўна распавяла пра дзіцячыя гады, на якія прыпаў ваенны час. Нарадзілася яна ў Рашаве, бацькі выхоўвалі іх з братам у ладзе і згодзе. Успаміны выклікалі слёзы на вачах маёй суразмоўцы. Вядома, такое не забываецца: і як бацька з братам ваявалі, і як маці была сагнана ў Германію, а яна, маленькая дзяўчынка, нейкі час жыла ў партызанскім атрадзе. «І, паверце, – расказвае Паліна Іванаўна, – чорны хлеб таго часу мне найсмачнейшы, чым сённяшняе нават самае лепшае печыва».
Жыццё не вельмі балавала Паліну Іванаўну, доўга і многа працавала, на кансервавым заводзе простай рабочай адпрацавала 31 год, з’яўляецца ветэранам працы. «Працавалі ад душы тады, – дзеліцца мая суразмоўца, – першыя месцы на рэспубліцы займалі са сваёй прадукцыяй. А работала на расфасоўцы, закатцы, варэнні».
Паступова размова дайшла і да часу сённяшняга. «Не слухае, на жаль, моладзь людзей старэйшага пакалення, – хвалюецца Паліна Іванаўна. – Да, час іншы, і людзі іншыя. Аднак прафесіяналы сваёй справы, адказныя работнікі і ўважлівыя людзі заўсёды будуць у цане. А калі ты ўзяўся за справу, то і выконваць яе патрэбна на ўсе 100 працэнтаў, каб не скардзіліся».
Яшчэ шмат аб чым паразмаўлялі мы ў гэты дзень і пра людзей, і пра падзеі розныя. Нас запрасілі прыязджаць у госці найчасцей, а мы раілі не парываць сувязь з раённай газетай і выпісваць яе яшчэ доўгі час.
Вольга БЕЛАШ.
Фота Алены СМУСЯНОК.