Сапраўдны майстар, які дорыць свой талент людзям

Людзі і лёсы

Смелая, элегантная, моцная, харызматычная, баявая, настойлівая. Кожны з гэтых эпітэтаў, які ні вазьмі, падыходзіць да Ліліі Уладзіміраўны Краўчанка, якая сёння адзначае адметны юбілей свайго дня нараджэння. Яна, мастацкі кіраўнік гарадскога цэнтра культуры і спорту на працягу апошніх 20 гадоў, – мілагучная спявачка, здольная паэтэса, трапяткі дэкламатар, вядучая многіх культурна-масавых мерапрыемстваў і свят, якія адбываюцца ў раёне. Яе называюць жывой легендай Хойнікшчыны, на зорны небасхіл якой не ўвайшла – уварвалася. А яшчэ – камунікабельны і прыемны субяседнік, вось чаму адкрытая размова аб жыцці і шляху да поспеху пачалася з успамінаў аб дзяцінстве, маладосці, родным краі.



– Лілія Уладзіміраўна, хто або што паўплываў на фарміраванне Вашага характару, а значыць, і  лёсу. Раскажыце аб тым, што і сёння дорага Вашаму сэрцу.
– Усё сваё жыццё нясу я на сабе знак дабра свайго роднага дзядзькі Івана Паўлавіча Мележа, які асяняў мяне сваімі добрымі цёплымі крыламі, які праславіў свой родны кут і ўсіх нас, жывучых на хойніцкай зямлі, ва ўсім свеце. І нарадзілася я ў той хаце, дзе жыў Іван Паўлавіч. А на сцэну мяне ў пяцігадовым узросце з вершамі У. Маякоўскага аб савецкім пашпарце вывела матуля Юлія Паўлаўна. Была яна адмысловай спявачкай, валодала лірычным сапрана, іграла на гітары, балалайцы, мандаліне, стварыла ў Глінішчы першы хор, у свой час спявала ў народным хоры Г. Цітовіча.
Закончыўшы школу, я паступіла ў Белдзяржуніверсітэт г. Мінска, атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры з правам выкладання французскай мовы, рыхтавалася да паступлення ў аспірантуру пры БДУ. Ды моцна трымалі родныя карані, сілкавала мяне родная Хойнікшчына. І ў тым, што я сёння сабой уяўляю, заслуга маіх продкаў, маёй малой радзімы.


– Ваш рэпертуар шырокі і разнастайны, спяваеце ў хоры, ансамблі і сола, натхнёна працуеце, развіваючы сваё дараванне, дорачы людзям радасць і асалоду незвычайнай прыгажосці голасам, старанна складзенымі праграмамі выступленняў. А самой што больш падабаецца выконваць?
– Гэта ў залежнасці ад мерапрыемства і глядацкай аўдыторыі. Вельмі люблю выступаць перад людзьмі старэйшага пакалення і бачыць, як на вачах маладзеюць сівагаловыя ветэраны, як падпяваюць мне мелодыі ваенных часоў.
Асобная праграма для моладзі і тых, хто прыходзіць на вечары адпачынку. Але больш за ўсё падабаецца беларуская аутэнтыка, народныя  песні, якія, на шчасце, захаваліся і вельмі добра ўспрымаюцца гледачамі ў час правядзення абрадавых свят.



– Вы кіруеце народным ансамблем «Спадчына», з’яўляліся ініцыятарам стварэння ансамбля «Грамада», навучаеце вакалу дзяцей у ансамблі «Светлячок».
– І мяне вельмі радуе, што дарослыя і дзеці з задавальненнем наведваюць рэпетыцыі, выступаюць на розных мерапрыемствах. Павіншаваць у полі камбайнера-тысячніка, паспяваць для работнікаў фермы – калі ласка, няма спасылак ні на што.
Ганаруся сваімі юнымі выхаванцамі. Так, сёлета пасля заканчэння гарадской сярэдняй школы № 3 на бюджэтнае навучанне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва паступіла Паліна Ходас. Дыпламантам міжнароднага рэгіянальнага фестывалю «Залатая карусель», які праводзіўся ў Брагіне летась, стала вучаніца гэтай жа школы Вераніка Махнавец. Рабяты з ансамбля «Светлячок» – пастаянныя ўдзельнікі акцыі «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця».



–   Лілія  Уладзі-міраўна, Вы жывеце ў такім энергічным рытме. А ці дазваляеце сабе быць слабай? Ад каго атрымліваеце падтрымку ў такія мінуты?
– Ад маіх дзяцей Марыны і Аляксандра, нявесткі Святланы, майго блізкага чалавека Міхаіла Васільевіча Краўчанкі і яго мамы Ганны Аляксандраўны Бурак, якая, можна сказаць, замяніла мне маю маму, так рана пайшоўшую з жыцця. У захапленні я ад маіх унучак – васьмігадовай Ані і Вікторыі, якой восенню споўніцца тры гадкі.
 Ганаруся і тым, што мой дар пераняла дачка Марына, якая працуе начальнікам аддзела кадравай і прававой работы ПДРЭЗ. Як і я, яна закончыла філфак БДУ,  аспірантуру, магістратуру тут жа, завочна Маскоўскі міжнародны інстытут эканомікі і права. І як я, з дзяцінства выступае на сцэне ў якасці самадзейнай спявачкі і вядучай. І менавіта дачцы я даверыла выкананне сваёй песні «Хойнікшчына» на музыку М.В. Краўчанкі, напісанай спецыяльна да 80-гадовага юбілею з дня нараджэння І.П. Мележа, у час святкавання гэтай даты ў Глінішчы.
А ўвогуле сцэна для мяне як наркотык. І як бы сябе не адчувала, канцэрт ніколі не сарву. Бывала, што ў час выступлення за кулісамі медыкі здымалі гіпертанічны крыз, але праграму адпрацоўвала да канца.
У мяне вельмі прыязныя адносіны з калегамі па творчаму цэху. Побач са мной крочаць па гэтай сцяжынцы Рыгор Лушч, Тамара Карповіч, Любоў Бачына, Васілій Найдзенка, Яўгеній Заяц, Мікалай Кабанькоў, спяваючыя сем’і Барадуліных і Шарапавых.



– Лілія Уладзіміраўна, Ваша праца па вартасці ацэнена. Маеце цэлы стос грамат, падзячных пісьмаў, Дыплом першай ступені як лаўрэат Першага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня». І як самую высокую адзнаку ў развіцці беларускай культуры – Ганаровы знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
– Канешне, узнагароды атрымліваць прыемна. Але ж больш за ўсё для мяне  дарагая ўдзячнасць гледачоў, якія падыходзяць пасля канцэрта, гавораць цёплыя словы, дзякуюць і просяць прыязджаць з канцэртам яшчэ.



– Лілія Уладзіміраўна, у нашай размове мы не закранулі яшчэ адзін аспект Вашай творчай дзейнасці ў якасці шматгадовага актыўнага пазаштатнага аўтара нашай раённай газеты. Рэдакцыйны калектыў далучаецца да шчырых і сардэчных віншаванняў, якія атрымаеце сёння з нагоды юбілею, і жадае, каб Ваша зорка яшчэ доўга ззяла на творчым небасхіле Хойнікшчыны.
– Вялікі дзякуй. Я рада, што дачакалася такой прыемнай асабістай падзеі, што іду па жыцці напрамкам, які ўказаў мне здаровы сэнс і маё сумленне.  Мне вельмі пашанцавала ў жыцці, бо займаюся любімай справай, магу тварыць і вучыць гэтаму іншых людзей. Я шчаслівая жанчына. Які б дзень не выпаў, усё роўна дзякую яму за добрых людзей, якіх так многа побач са мной, за сваіх дзяцей і ўнукаў. Адчуваю сябе патрэбнай родным, люблю свой калектыў. Лічу, што для кожнага чалавека вельмі важна, каб спраўдзіліся яго мары і надзеі. Я з ліку такіх людзей.



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *