Запрасілі прыязджаць яшчэ

Рэха падзеі

Выезд у Навасёл-кі інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар стаў для жыхароў вёскі невялікай урачыстай падзеяй. Сабраўшыся каля мясцовай бібліятэкі, уважлівейшым чынам унікалі яны ва ўсё сказанае прадстаўнікамі ўлады: чым жыве і дыхае раён, якія эканамічныя паказчыкі для жыхароў раёна па сілах аказаліся ў першым паўгоддзі сёлета, а дзе яшчэ патрэбна падцягнуцца, як з дапамогай банкаўскіх крэдытаў можна пабудаваць уласнае жыллё, як важна і неабходна падтрымліваць парадак на зямлі, якія меры перасцярогі трэба захоўваць, выкарыстоўваючы ў ежу дары лесу і інш.



Ад агульнага перайшлі да ўласнага. Дрэва аварыйнае папрасілі вяскоўцы спілаваць па вул. Палескай, 11. Спыталі, ці можна магазін адкрыць, на што Галіна Віктараўна Бондар адказала адмоўна і растлумачыла гэта колькасцю пражываючых у вёсцы – а гэта 120 чалавек, а магазін можна адкрыць пры больш чым 200 пражываючых. Нараканняў на работу аўталаўкі не было, хіба што толькі закрываць зрэз адрэзанай каўбасы прасілі цэлафанам ці заварочваць яе ў паперу.
Дзякаваў У.А. Махнач ад імя ўсіх пражываючых за добрасумленныя адносіны фельчару Навасёлкаўскага ФАПа Святлане Аляксандраўне Купрэенка, якая раней абслугоўвала жыхароў іх населенага пункта.  



Недастаткова асвяшчаюцца ўначы Навасёлкі. Як выхад прапанавала Г.В. Бондар не ігнарыраваць падатак па самаабкладанню, а ўсім сабраць сёлета з кожнага двара па 15000 рублёў і патраціць іх на гэтыя мэты або набыць газонакасілку сваю і наводзіць улетку парадак на зямлі.
Акрамя таго, атрымалі людзі адказы на пытанні, які парадак выдзялення зямлі пад пашы, куды звярнуцца 95-гадовай бабулі за аказаннем дапамогі ў рамонце даху.
А далей яны падпявалі самадзейным артыстам і запрасілі ўсіх прыязджаць яшчэ.



Ірына ВАСІЛЬЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *