Тры працавітыя пакаленні

Людзі і лёсы

Васілій Міхайлавіч Кірычэнка па праву лічыцца адным з лепшых механізатараў не толькі ў агракамбінаце «Віць», але і ў нашым раёне. Яго прозвішча пастаянна называюць у ліку перадавікоў на ворыве, пасяўных работах, нарыхтоўцы кармоў, уборцы сельскагаспадарчых культур.


Большую частку свайго жыцця – 23 гады – нязменна працуе ён у калектыве агракамбіната і за гэтыя два з лішкам дзесяцігоддзі прайшоў Васілій Міхайлавіч шлях ад навічка да сапраўднага прафесіянала, чалавека, да думкі якога прыслухоўваюцца і механізатары, і кіраўніцтва гаспадаркі, і яе спецыялісты. Кірычэнка – адзін з тых працаўнікоў, якіх не трэба кантраляваць, падганяць, правяраць, бо ўсё, што ён робіць, заўсёды будзе выканана на сумленне – якасна і своечасова. Яго глыбокаму і дасканаламу веданню любой сельскагаспадарчай тэхнікі – трактараў усіх марак і мадыфікацый, прычапных глебаапрацоўчых механізмаў – могуць пазайздросціць нават інжынерныя спецыялісты, хаця на руках у гэтага чалавека толькі  механізатарскае пасведчанне, якое В.М. Кірычэнка атрымаў разам са школьным атэстатам аб сярэдняй адукацыі.



Было гэта ў далёкім 1983 годзе. Тады бацькі яго жылі ў вёсцы Савічы Брагінскага раёна. Маці працавала паляводам у мясцовай гаспадарцы, а імя бацькі ўжо ў той час называлі ў ліку лепшых механізатараў Гомельшчыны – нездарма ж працоўныя медалі Міхаілу Фёдаравічу Кірычэнку ў Брагінскім райкаме партыі асабіста ўручаў першы сакратар ЦК КПБ, так любімы народам,  Пётр Міронавіч Машэраў.



Таму асаблівых ваганняў у выбары будучай прафесіі ў Васілія Кірычэнкі не было – ужо з сёмага класа, яшчэ будучы падлеткам, кожнае лета афіцыйна працаваў ён у бацькі памочнікам камбайнера на жніве.



Пасля школы адслужыў армейскую службу, а калі дэмабілізаваўся, родныя Савічы ўжо накрыла змрочнае чарнобыльскае воблака. Пакалясіўшы разам з іншымі перасяленцамі па Беларусі, сям’я Кірычэнкаў асела ў нашым Вялікім Боры. І, магчыма, менавіта гэтая гаспадарка ганарылася б сёння механізатарскай дынастыяй Кірычэнкаў,   але  ўгаварыў Васілія ўліцца ў свой механізатарскі калектыў вялікі патрыёт тагачаснага калгаса імя Калініна – яго былы дырэктар Аляксандр Андрэевіч Шрамянок. Так з 1988 года нязменна працуе Васілій Міхайлавіч у цяперашнім агракамбінаце.



Сціплы і нешматслоўны, ён, тым не менш, з тых людзей, якіх называюць знаходкай для журналіста: спакойна, нетаропка і ўдумліва адказвае на ўсе пытанні, паважаючы чужую працу – наш нялёгкі журналісцкі хлеб.



Асаблівай цёплай усмешкай азараецца яго твар, калі ўзгадвае сваіх сыноў. Васілій толькі-толькі вярнуўся дамоў пасля армейскай службы, на якую быў накіраваны з такім жа як у бацькі механізатарскім пасведчаннем з агракамбіната «Віць». Старэйшы ж, Міхаіл, зараз працуе механізатарам, і таксама ў агракамбінаце «Віць». І яго ў гаспадарцы ведаюць як талковага, стараннага работніка, якому можна даручыць любую справу – у гэтыя дні, да прыкладу, займаецца ўнясеннем мінеральных угнаенняў, а раней таксама працаваў на ворыве, нарыхтоўцы кармоў.



На прыкладзе гэтай сям’і можна прасачыць лёс сапраўднай механізатарскай дынастыі, якую складаюць ужо тры пакаленні, і ўсе прадстаўнікі якой з гонарам апраўдваюць высокае званне хлебароба.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *