Кветкавы рай папоўніў наш край

Добраўпарадкаванне

Фантазія  чалавека не мае межаў. У чарговы раз упэўніваешся ў гэтым, бываючы ў розных кутках Хойнікшчыны і знаёмячыся з яе гаспадарлівымі жыхарамі. Наступным прыпынкам нашага падарожжа па своеасабліваму «залатому кальцу» добраўпарадкавання раёна стаў прыгожы падворак сям’і Піляк у вёсцы Паселічы. Трапілі мы туды невыпадкова: адрас прапіскі цікавых малых архітэктурных форм, якія з кожным годам адваёўваюць усё большую тэрыторыю прыдамавога ўчастка, і незлічонай колькасці кветак  паведаміла па тэлефоне аднавяскоўка Г.В. Окунева, якая з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.



Як і абяцалі, без увагі не застаецца ніводная чытацкая прапанова. Таму ў хуткім часе мы завіталі ў госці і пагутарылі з увішнай гаспадыняй дома № 34 па вул. Новай Валянцінай Арсенцьеўнай Піляк. Падышоўшы бліжэй, да плота, заўважаеш, што па-суседству з жывымі кветкамі тут зручна размясціліся пластыкавыя расліны, ёсць нават экзатычная прыгажуня-пальма, каля брамкі  ў чароце прытаіўся адзінокі лебедзь… Некалькі хвілін углядалася ў рукатворную прыгажосць, якая моцна прыкавала позірк. А потым нас выйшла сустракаць стваральніца гэтай самай прыгажосці і запрасіла прайсці. Аказалася, тое, што я ўбачыла каля дома, як кажуць, былі толькі «кветачкі», а «ягадкі» чакалі далей. Мноства рознакаляровых кветак, матылькоў – сапраўдны райскі куток. Дзіву даешся, няўжо ўсё гэта зроблена са звычайных пластыкавых бутэлек?



– Так, – на карані перарвала маю няўпэўненасць Валянціна Арсенцьеўна Піляк. –  Першыя пластыкавыя малыя архітэктурныя формы з’явіліся ў нас гадоў пяць назад. Ініцыятарам стала дачка Святлана, яе адразу падтрымалі сястра Ірына і брат Яўгеній. Мы з мужам таксама ахвотна ўзяліся рэалізоўваць ідэі дзяцей. Вось с цягам часу ўсё гэта і прымножылася.



Але на гэтым сям’я Піляк спыняцца не збіраецца. Планаў па добраўпарадкаванню прыдамавой тэрыторыі многа. Творчыя задумкі чэрпаюць са спецыяльнай літаратуры і тэлевізійных перадач. Але ўсё ж часцей ператвараюць у жыццё ўласныя ідэі.



Наталля ЧЭКАН.      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *