Напярэдадні Дня бібліятэк вырашылі напісаць замалёўку аб гаспадыні кніжнай скарбніцы – бібліятэкары. Каб параіцца, каго зрабіць гераіняй публікацыі, пазванілі дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Н.У. Ешчанка. Яна не раздумваючы адказала: «Пра Наталлю Мікалаеўну Коўзік – бібліятэкара Судкоўскай бібліятэкі. Яна – добры спецыяліст, а яшчэ гэта шчыры і добразычлівы чалавек».
У гэтай прафесіі Н.М. Коўзік – чалавек невыпадковы: за плячыма мае спецыяльную адукацыю і 29-гадовы працоўны стаж. Вельмі любіць чытаць. Абсалютна згодна з меркаваннем, што бібліятэка – гэта аптэка для душы. А кнігі, наогул, лічыць геніяльным стварэннем, заслугоўваючым быць восьмым цудам свету.
Родам з Гомельскага раёна, закончыла прафтэхвучылішча, атрымаўшы спецыяльнасць механізатара жывёлагадоўчых ферм. У Судкова прыехала на практыку, спаткала тут сваё каханне і засталася назаўсёды. Працавала ў сельгаспрадпрыемстве, а вольны час прысвячала творчасці: займалася мастацкай самадзейнасцю ў мясцовым СДК. У бібліятэцы ў яе быў самы аб’ёмны чытацкі фармуляр. Таму, калі вызвалілася месца бібліятэкара, вырашылі, што лепшай кандыдатуры не знайсці, і прапанавалі Наталлі Мікалаеўне заняць гэтую пасаду. Потым завочна навучалася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, паступова асвойвала новую прафесію. Ішоў час, і з Наталлі Мікалаеўны вырас сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Яна ведае, чым здзівіць або захапіць чытача, што прапанаваць і на чым засяродзіць яго ўвагу. Заўсёды ветлівая, тактоўная – такой яе ведаюць судкаўчане. Яшчэ адным выдатным пацвярджэннем яе адданай працы з’яўляюцца шматлікія граматы і дыпломы. Сярод апошніх узнагарод – Дыплом аддзела культуры райвыканкама за актыўную пошуковую работу аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сваёй мясцовасці і Грамата за прапаганду беларускай літаратуры і творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа за подпісам старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» М.І. Чаргінца.
Сёння кніжны фонд Судкоўскай бібліятэкі складае больш за 13 тысяч экземпляраў. Налічваецца 330 пастаянных чытачоў, паслугам якіх таксама прапанаваны два камп’ютэры з доступам у Інтэрнет. Многа карыснай інфармацыі размяшчаецца на стэндах і тэматычных паліцах. Наталля Мікалаеўна яе пастаянна абнаўляе, знаходзіць унікальныя гістарычныя даведкі, звесткі, падзеі сучаснасці і прыгожа афармляе іх. Асаблівае месца займаюць матэрыялы і выданні краязнаўчай тэматыкі, у прыватнасці, мінулае і сапраўднае судкоўскай зямлі.
На базе бібліятэкі створана і працуе аматарскае аб’яднанне «Світанак». Сумесна з работнікамі СДК бібліятэкар арганізоўвае і праводзіць шматлікія мерапрыемствы.
На рабоце Наталля Мікалаеўна – сумленны работнік, а дома любячая жонка, маці траіх, ужо дарослых дзяцей, бабуля, увішная гаспадыня. Карацей кажучы, проста шчаслівая жанчына.
Вікторыя МАРОЗ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.