За п’яныя паездкі заплацяць па 7 мільёнаў

Законнасць і парадак

Тое, што п’яны чалавек за рулём – патэнцыяльны злачынца, ведаюць усе. Шкада толькі, што не ўсе ўсведамляюць гэтую простую ісціну і ўсю небяспеку для акружаючых, калі за рулём на ажыўленай вуліцы знаходзіцца нецвярозы вадзіцель. Аб гэтым сведчаць зводкі Дзяржаўтаінспекцыі, у якіх не меншае колькасць затрыманых за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Вінаватых за гэта караюць пазбаўленнем правоў на кіраванне транспартнымі сродкамі, грашовымі штрафамі, але не ўсім гэтыя сумныя ўрокі ідуць на карысць. Вось дзве красамоўныя справы, разгледжаныя нядаўна судом Хойніцкага раёна.



Вечарам 27 сакавіка 2011 года на вуліцы К. Маркса райцэнтра работнікамі ДАІ быў затрыманы рабочы КЖУП «Хойніцкі камунальнік» хайнічанін А.Л. Барысаў. Ён кіраваў аўтамабілем ВАЗ-2104 з яўнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд пацвердзіў факт ужывання алкаголю, за што Аляксандр Львовіч у адміністрацыйным парадку быў пакараны пазбаўленнем права на кіраванне транспартнымі сродкамі ўсіх катэгорый тэрмінам на 3 гады. Акрамя таго, ён выплаціў штраф у памеры 700000 рублёў. Здавалася б, гэты ўрок павінен пайсці на карысць недысцыплінаванаму ва-дзіцелю, аднак не тое было.



Праз тры месяцы, 28 чэрвеня, Барысаў стаў фігурантам ужо судовай справы. Як паказаў падсудзімы, у той дзень ён разам са сваёй знаёмай, ужо будучы пазбаўленым права на кіраванне аўтамабілем, паехаў у магазін па вуліцы Настольскай горада. Там Барысаў пазнаёміўся з А.В. Шлёгам і гэтую падзею наваяўленыя сябрукі «абмылі» бутэлькай гарэлкі прама за магазінам, пасля чаго Барысаў накіраваўся дамоў.



Аднак душа прагнула працягу новага знаёмства, і ў 16 гадзін таго ж дня нецвярозы Барысаў зноў садзіцца за руль і едзе з той жа знаёмай у госці да Шлёга. Той таксама нападпітку, але Барысава гэта не бянтэжыць і ён перадае руль аўтамабіля больш прытомнаму Шлёгу. У такім выглядзе экіпаж «жыгулёнка» і спыняюць на вуліцы Калгаснай супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.



Медагляд у цэнтральнай раённай бальніцы беспамылкова сведчыць: і Барысаў, і Шлёг знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
1 жніўня 2011 года суд Хойніцкага раёна ў адкрытым судовым пасяджэнні прызнаў Барысава Аляксандра Львовіча вінаватым у кіраванні транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, здзейсненым на працягу года пасля накладзенага адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне і прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення права кіраваць транспартнымі сродкамі ўсіх катэгорый са штрафам у памеры 200 базавых велічынь, што складае 7000000 рублёў – у 10 разоў болей, чым заплаціў у сакавіку.



На такую ж немалую суму давядзецца раскашэліцца яшчэ аднаму «хойніцкаму камунальніку» А.Р. Сычову. Яму таксама не стала ўрокам першае затрыманне ў нецвярозым стане за рулём мапеда «Еўрастрада» (дарэчы, без дзяржаўнага рэгістрацыйнага знака) 26 ліпеня мінулага года. Тады ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 525 тысяч рублёў.



Але 2 чэрвеня бягучага года Аляксандр Рыгоравіч зноў быў затрыманы за кіраванне тым жа мапедам «Еўрастрада» (і зноў без дзяржаўнага рэгістрацыйнага знака) у стане алкагольнага ап’янення, што пацвердзіў медагляд у ЦРБ. На гэты раз справа разглядвалася ў судзе Хойніцкага раёна і пры гэтым было ўлічана, што А.Р. Сычоў мае 5 непагашаных і не знятых судзімасцей. 



Суд прызнаў А.Р. Сычова вінаватым у кіраванні транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, здзейсненым на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне і прыгаварыў яго да пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі ўсіх катэгорый тэрмінам на 5 гадоў са штрафам у памеры 200 базавых велічынь – тыя ж 7 мільёнаў рублёў.



На гэты раз «п’яныя паездкі» не скончыліся ахвярамі, але хто гарантуе, што так будзе і ў іншых выпадках? На роздум наводзяць і такія лічбы: за перыяд з 1 студзеня па 1 жніўня 2011 года на дарогах Беларусі па віне п’яных вадзіцеляў загінула больш за 70 чалавек і больш за 400 паранена…


 


Л. КУПРЭЙЧЫК, суддзя суда Хойніцкага раёна.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *