Жнівеньскі дзень дэпутата стаў адметны большай колькасцю сустрэч з насельніцтвам, якія правялі народныя абраннікі, у тым ліку ў складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.
На гэтым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая группа раённага Савета дэпутатаў, узначальваемая старшынёй райсавета Г.В. Бондар, сустрэлася з насельніцтвам Барысаўшчанскага сельсавета. Спачатку Галіна Віктараўна, дэпутаты і прадстаўнікі розных служб правялі ІПГ у в. Віць, а затым у н.п. Барысаўшчына.
На сустрэчах Г.В. Бондар давяла інфармацыю па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, сярэдніх заработных платах і пенсіях па раёну, фарміраванні бюджэту, яго даходных і расходных частках, сельскіх гаспадарках раёна і тым, як выглядае сельгаспрадпрыемства «Аравічы» на фоне іншых.Сярод узнятых грамадзянамі пытанняў – якасць вады ў н.п. Віць і Барысаўшчына, крадзяжы сельгаспрадукцыі з агародаў вяскоўцаў, медабслугоўванне, налічэнне пенсій па ўзросту. Папрасілі пажылыя грамадзяне, каб сельгаспрадпрыемства забірала ад іх салому, якая застаецца пасля ўборкі збожжа. Зварот адрасаваны дырэктару КСУП «Аравічы» Д.У. Белаусаву для прыняцця мер.
Што датычыць крадзяжоў сельгаспрадукцыі, то начальнік аддзела крымінальнага вышуку РАУС М.М. Якунін заклікаў жыхароў населеных пунктаў не баяцца і тэлефанаваць у міліцыю. Ананімнасць гарантавана патэлефанаваўшаму, а аператыўнасць дазволіць хутчэй раскрыць крадзёж. Таксама М.М. Якунін папярэдзіў быць больш уважлівымі з веласіпедамі, не пакідаць іх без нагляду, таму што колькасць крадзяжоў двухколавага транспарту летам павышаецца.
Галоўны інжынер КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.П. Бяздольны давёў інфармацыю па даўжніках Барысаўшчанскага сельсавета за жыллёва-камунальныя паслугі і ў чарговы раз нагадаў, што за вываз цвёрдых камунальных адходаў, які з’яўляецца абавязковай паслугай, неабходна плаціць своечасова.Інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС А.А. Бяспалы завастрыў увагу на недапушчэнні спальвання пажніўных рэшткаў, саломы і ўвогуле прызваў забяспечваць пажарную бяспеку. Таксама перад жыхарамі выступілі намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.М. Курленка, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Т.У. Хаванская.
Многа пытанняў было адрасавана Г.В. Бондар і ў дзень асабістага прыёму грамадзян, які старшыня райсавета дэпутатаў правяла ў сераду.Жыхары прасілі дапамагчы з працаўладкаваннем, у тым ліку і інваліда 3 групы, спілаваннем аварыйнага дрэва, асвятленнем пад’ездаў і дапаможных збудаванняў, аднаўленнем водазабеспячэння ў н.п. Хвойная Паляна, удакладніць пра віды работ, якія ўваходзяць у капітальны рамонт дома. Адпаведным службам дадзены 10-дзённы тэрмін на вырашэнне пытанняў. Дадзены тлумачэнні па рамонту пад’ездаў. Згодна з заканадаўствам, такія работы выконваюцца або самімі жыхарамі пад’ездаў, або камунальнай службай, аднак у такім выпадку камунгас пасля правядзення работ выставіць рахунак жыхарам.
Прасілі дапамагчы з аднаўленнем ключа на водаразборную вулічную калонку: нейкія вандалы ноччу разбілі калонку і зламалі ключ на яе. Камунальнік работу калонкі аднавіў, аднак ключ не аднавілі, таму зараз вадой карыстаюцца ўсе, а плаціць за яе вымушаны гаспадар, якому быў некалі выдадзены ключ. Гэтую праблему камунальнай службе неабходна вырашыць таксама ў кароткі тэрмін.Самае галоўнае, што даносіцца да людзей на кожнай сустрэчы, на кожным прыёме – гэта тое, што неабходна не толькі ведаць свае правы, але і свае абавязкі. А службам неабходна больш актыўна працаваць з насельніцтвам: растлумачваць, інфармаваць, кансультаваць.
Вольга БЕЛАШ.