Дэпутат В.М. Бельская: «З увагай да кожнага»

Дэпутаты за работай

З’яўляючыся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Стралічаўскай выбарчай акрузе № 36, Стралічаўскага сельскага Савета дэпутатаў, працую ў цэлым з насельніцтвам усяго сельсавета, дзе пражывае 937 чалавек.
Кожную трэцюю сераду месяца з 17.00 да 18.00 праводжу прыём выбаршчыкаў у сельвыканкаме. Аднак не абмяжоўваюся толькі гэтым часам, выслухоўваю кожнага, хто звяртаецца ў любы дзень з самымі рознымі пытаннямі: работа вулічнага асвятлення, жыллёва-камунальная гаспадарка, актуальная праблема мінулага года – прыватызацыя жылля, працаўладкаванне і многія іншыя. Некаторыя пытанні вырашаюцца адразу падчас прыёму, для вырашэння іншых звяртаюся ў службы жыццезабеспячэння. 
Асаблівай цікаўнасцю жыхароў сельсавета карыстаюцца выязныя прыёмы грамадзян і сустрэчы па месцы жыхарства ў працоўных калектывах. Такая работа дазваляе высветліць праблемныя пытанні, з якімі чалавек на прыём можа і не прыйшоў бы, а падчас размовы праблема і высвятляецца. Каб зняць вострыя пытанні жыхароў маланаселеных пунктаў, выязджаю да іх. 
Незаменнымі памочнікамі з’яўляюцца ўпаўнаважаныя населеных пунктаў, яны пастаянна інфармуюць аб паступаючых ад насельніцтва пытаннях. Неацэнная іх роля ў інфармаванні насельніцтва аб рашэннях, якія прымаюцца сельскім Саветам дэпутатаў, сельвыканкамам. 
Вялікая работа праводзіцца з насельніцтвам па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі. Штогод у снежні падводзяцца вынікі конкурсу на лепшае домаўладанне, на сесіі сельскага Савета дэпутатаў лепшаму ўручаецца Дыплом і падарунак. Гэта работа падштурхоўвае жыхароў актыўней брацца за навядзенне парадку.
Аднак патрэбна адзначыць, што не ўсе жыхары сельсавета добрасумленна адносяцца да акультурвання зямлі, лічачы, пэўна, што нехта іншы прыйдзе і адрамантуе за іх агароджу, пафарбуе яе, ліквідуе недахопы, якія выявіла аглядная камісія. З такімі грамадзянамі працую ў індывідуальным парадку, каб памяняць іх пункт гледжання.
Актыўна праводзіцца работа па збору сродкаў самаабкладання, якія накіроўваюцца, згодна з рашэннем жыхароў, на добраўпарадкаванне могілак. Такім чынам была ўстаноўлена і пафарбавана агароджа на могілках у Стралічаве, Высокім, Рудакове. У 2016 годзе за сродкі самаабкладання на могілках у Стралічаве зрэзаны аварыйныя дрэвы.
Асноўнае ў рабоце дэпутата – гэта ўвага да кожнага, што і з’яўляецца маім асноўным прынцыпам работы.  

В. БЕЛЬСКАЯ, 
дэпутат па Стралічаўскай 
выбарчай акрузе № 36.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *