Стварае і верыць, любіць і зберагае

Людзі і лёсы

У 1935 годзе ў в. Карчовае ў сялянскай сям’і  Соф’і   і Адама Літвінкаў нарадзілася дзяўчынка – чацвёртае дзіця, усіх жа іх было пяцёра. Бацькі назвалі яе Сонечкай.


Складаны быў час, маці і тата са шчырай заўзятасцю працавалі, каб забяспечваць неабходным сям’ю. Таму з маленства Соф’я звыклася з цяжкай сялянскай працай. Разам з братам і сёстрамі старалася дапамагчы руплівым бацькам. Працавалі да мазалёў на далонях, а інакш немагчыма было выжыць. Вялікую прагу дзяўчына мела да вучобы, атрымаўшы адукацыю ў мясцовай васьмігодцы, разумела, што далей вучыцца няма магчымасці, надышоў час пераходзіць на самастойны хлеб. Працаўладкавалася ў калгас. У 1957 годзе выйшла замуж за аднавяскоўца Міхаіла Добыша. Знаёмы былі з дзяцінства, а вось іскрынка кахання паміж маладымі людзьмі праскочыла толькі пасля таго, як юнак закончыў службу ў арміі і вярнуўся дамоў. Пачалася іх рамантычная гісторыя.



Разам з многімі маладымі землякамі ездзілі на асваенне цаліны. Як толькі вярнуліся ў роднае Карчовае, пачалі будаваць уласнае жыллё. Плаўна працякала іх сумеснае маладое жыццё,  з радасцямі і няшчасцямі, якія дзялілі папалам. Праз год пасля вяселля ў Соф’і і Міхаіла нарадзіўся сын першынец Генадзь. Яшчэ праз год сям’ю папоўніла дачка Галіна. Жылі ў шчасці і згодзе, гадавалі ў бязмежнай любві дзяцей. Але праз 17 гадоў сумеснага жыцця сцяжынкі мужа і жонкі разышліся. Соф’я Адамаўна з гонарам выстаяла перад цяжкасцямі. Нягледзячы на душэўную рану, працягвала ўпэўнена крочыць па жыцці, веруючы ў тое, што чорная паласа абавязкова зменіцца белай. І не памылілася, усё наладзілася. Генадзій і Галіна закончылі школу, пасля чаго дачка паступіла ў Пінскае тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці, сын – у Гомельскае прафтэхвучылішча бу-даўнікоў. Маці і зараз беражліва захоўвае шматлікія граматы і  падзячныя лісты, якія высылала ў яе адрас кіраўніцтва навучальных устаноў, дзякуючы за добрае выхаванне, выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны дзяцей. Атрымаўшы адукацыю, стварылі ўласныя сем’і, дарэчы, два вяселлі згулялі ў адзін год. Соф’я Адамаўна на месцы не сядзела, усё жыццё як вавёрка ў коле круцілася. Некалькі месцаў працы змяніла: працавала ў калгасе, поварам у сталовай мясцовай школы, прадаўцом «двайнога» магазіна ў Хойніках. На заслужаны адпачынак пайшла ў 1990-м. Пацвярджэннем яе адказнай  работы з’яўляюцца цёплыя словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні, пакінутыя ў кнігах водгукаў. Гэта для яе сапраўды лепшая адзнака працы.



С.А. Літвінка – увішная гаспадыня, якая ўсё робіць на выдатна. І хатняя гаспадарка, і зямельны ўчастак і дом  заўсёды дагледжаны, радуюць акуратнасцю і чысцінёй. Любімы занятак – кветкаводства. Уся прыдамавая тэрыторыя, агародчык аздоблены рознакаляровымі раслінамі. Цюльпаны, хрызантэмы, гладыёлусы – любімцы гаспадыні, вакол яе дома – прыгажосць не апісальная.
Яшчэ адно хобі Соф’і Адамаўны – вышыўка. У маладосці, як толькі знаходзілася вольная хвілінка, брала ў рукі іголку, ніткі і пачынала вышываць. Ёй, руплівай, стараннай, працавітай, спаўна давалася гэта справа.



 Якія прыгожыя хусткі, абрусы, ручнікі, посцілкі вышыла, пераважна гладдзю, майстрыха! Сёння за пяльцы С.А. Літвінка амаль не садзіцца, бо аслабеў зрок, ды і рукі  ўжо не такія паслухмяныя. Але ўсе вырабы, якія здзіўляюць сваёй вытанчанасцю, захоўвае, спадзеючыся ў душы, што яны будуць служыць людзям. Нават першая работа ўмеліцы захавалася – ручнік з ініцыяламі, які яна на здымку трымае ў руках.



Раней Соф’я Адамаўна захаплялася вязаннем і ткацтвам, таму яе дзеці часта апраналіся ў эксклюзіўнае адзенне.
Да таго ж, гераіня публікацыі – цудоўны кулінар. Вельмі любіць гатаваць, сярод яе фірменных страў – катлеты, баршчы, соусы. За смачным багатым сталом любіць збірацца ўся сям’я. Хаця і нячаста прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі, каб наведаць блізкага чалавека, але кожная сустрэча заўсёды прыносіць многа радасці.
Выдатныя ў Соф’і Адамаўны гароднінныя  кансервы атрымліваюцца, імі заўсёды збірае сваіх гасцей у зваротны шлях. А калі ўсе раз’язджаюцца, яна застаецца адна са сваім адданым сябрам – катом Жукам. Але жанчына не сумуе, пры жаданні працаваць, занятак заўсёды знойдзецца. А калі ёсць вольная хвіліна – разам са сваім любімцам ходзяць у лес. Там С.А. Літвінка адпачывае душой у яднанні з прыродай.
Нягледзячы на тое, што яе твар упрыгожылі пяшчотныя маршчынкі, у душы яна зусім маладая. Пазітыўная энергетыка, што зыходзіць ад яе, перадаецца людзям, таму мець зносіны з Соф’яй Адамаўнай – адно задавальненне.



Наталля ЧЭКАН.   
                  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *