Рыхтуем тэхніку да веснавых палявых работ

Сельское хозяйство

На здымку: механізатар ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Аляксандр Уладзіміравіч Варонін.

Для працаўнікоў сельскай гаспадаркі сёння галоўная задача дня – падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенніх палявых работ. Пасля таго, як камбайны і трактары, дыскатары і пасяўныя агрэгаты, культыватары і бораны, карацей – уся глебаапрацоўчая і іншая сельскагаспадарчая тэхніка па ўсіх патрабаваннях тэхналогіі была пастаўлена на зімовае захоўванне, да далейшага этапа падрыхтоўкі да вясны прыступілі інжынерныя службы. Іх спецыялістамі былі ўважліва абследаваны ўсе трактары і механізмы, складзены дэфектовачныя ведамасці і толькі потым механізатары і работнікі майстэрняў гаспадарак прыступілі непасрэдна да выканання рамонтных работ. Разам з галоўным інжынерам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Р.І. Уссам мы пабывалі ў рамонтна-тэхнічнай майстэрні ААТ «Хойніцкі Аграсервіс».
Тут у гэтыя дні асноўную ўвагу ўдзяляюць рамонту трактараў. Так, адзін з іх зараз рамантуецца ў ААТ «Мазыраграпрамзабеспячэнне», а астатнія даводзяцца да ладу ўласнымі сіламі. Як і належыць, прыклад у рабоце паказваюць больш вопытныя механізатары. Напрыклад, Аляксандр Уладзіміравіч Варонін (на здымку). На работу сюды ён прыйшоў больш 30 гадоў назад, калі прадпрыемства яшчэ насіла назву «Аграпрамтэхніка». За гэты час ён дасканала вывучыў амаль усе маркі трактараў, а ў гэтыя студзеньскія дні займаецца рамонтам замацаванага за ім МТЗ-82.
Дарэчы, зімовыя месяцы – традыцыйны час водпускаў, што зразумела і апраўдана: не да адпачынку людзям у іншыя поры года – гарачы час веснавой і азімай сяўбы, нарыхтоўкі кармоў, жніва. А таму ў распрацаваных ва ўсіх гаспадарках умовах работ па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ ёсць і адпаведны пункт: у водпуск – толькі пасля завяршэння рамонту замацаванай за механізатарам тэхнікі. Гэтая акалічнасць ідзе толькі на карысць справе, а ў людзей з’яўляецца дадатковая зацікаўленасць і стымул для хутчэйшага выканання рамонтных работ.
Сёння сельскагаспадарчая тэхніка рамантуецца не толькі ўласнымі сіламі, але і ў спецыялізаваных абласных рамонтных прадпрыемствах. Ва ўзгаданым вышэй ААТ «Мазыраграпрамзабеспячэнне» рамантуюцца рухавікі і каробкі перадач энерганасычаных трактараў МТЗ-3022 і МТЗ-3522 з нашага «Аграсервісу», а таксама сельгаспрадпрыемстваў «Стралічава», «Веляцін», і «Аравічы». Яшчэ адзін трактар з «Аравіч» рамантуецца ў гомельским ТАА «Аграпрамзабеспячэнне», а рухавіком трактара МТЗ-3022 з КСУП «Судкова» займаюцца спецыялісты з Гомельскага маторарамонтнага завода.
Дапамагае працаўнікам вёскі і Хойніцкі рамонтны завод. Завадчанамі ўжо выкананы поўнакамплектны рамонт кормараздатчыка для КСУП «Веляцін». Займаюцца на рамонтным заводзе і рамонтам дыскатараў, а таксама плугоў. Гэтай работай заняты яны зараз, рамантуючы 2 плугі з «Аграсервісу» і столькі ж з КСУП «Судкова».
Што ж датычыць рамонту тэхнікі ўласнымі сіламі, то, як і ў мінулыя гады, на кожным сельгаспрадпрыемстве створаны спецыялізаваныя звенні. У іх склад уваходзяць механізатар, за якім замацавана тэхніка, зваршчык, токар і слесар. Запчасткамі для рамонту трактараў гаспадаркі сёння забяспечаны, прыкладна, на 80% ад патрэбнага. Горш з запаснымі часткамі для рамонту энерганасычаных трактараў.
Вырашэнню гэтага пытання павінна паспрыяць тое, што нашаму раёну выдзелена 200 тысяч рублёў з мясцовага бюджэту ў рамках раённага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця аграпрамысловага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь. Гэтыя сродкі мэтанакіравана пойдуць іменна на работы па падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да вясны. Як бачым, і на гэты раз працаўнікі сельскай гаспадаркі не засталіся без падтрымкі дзяржавы.

Віктар НАЗАРАНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *