У Савецкую выбарчую акругу №1 уваходзяць вул. Калгасная, зав. Калгасны, вул. Савецкая (левы бок), Чырвонаармейская, Будзёнага, Грахоўскага, К. Маркса, (д. 5, 9). На тэрыторыі акругі пражывае 360 выбаршчыкаў.
Але адыйду ад лічбаў, а спынюся на канкрэтных мерапрыемствах, праведзеных у перыяд дэпутацкай дзейнасці. Практыка работы з выбаршчыкамі паказала, што падзяліць людзей на сваіх выбаршчыкаў і «чужых» ніякім чынам нельга, ды і не атрымаецца. Як можна не выслухаць жыхара вул. Савецкая па правым баку, адказаўшы яму, што гэта не мая выбарчая акруга? Я вырас у гэтым раёне, тут пражываю, тут жылі мае бацькі і вырас сын. А сустракацца з выбаршчыкамі даводзіцца кожны дзень.
Адной з галоўных задач у рабоце дэпутата, на маё бачанне, з’яўляецца веданне праблем і патрэб выбаршчыкаў, уменне проста выслухаць чалавека, падтрымаць яго добрым словам, спагадай. Так, адным з самых зацікаўленых суразмоўцаў з’яўляюцца пенсіянеры. Часам па іх просьбе даводзіцца вырашаць не адно бытавое пытанне: падсыпка і грейдзіраванне дарог (вул. Грахоўскага, Будзёнага), замена вулічнага асвятлення (вул. Чырвонаармейская), выраўноўванне агароджы па вул. Калгасная.
Зазначу яшчэ адзін момант: часта так здараецца, што варта чалавеку пайсці на заслужаны адпачынак, як пра яго за мітуснёй паўсядзённых клопатаў забываюць. А такога быць не павінна. Таму што няма нічога больш прыемнага, чым вочы, напоўненыя невымоўнай радасцю і гонарам: самотна пражывае па вул. Кірава пенсіянер Т.Ф. Ласіца, аднак кіраўніцтва лясгаса ў дзень 80-годдзя абвяшчэння лясной гаспадаркі і ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» наведалі яе па месцы жыхарства і ўручылі заслужанаму ветэрану галіны медаль.
Больш за 23 гады назад я, паступаючы на службу ў органы ўнутраных спраў, прыняў прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Абраны дэпутатам ўпершыню і мне ўжо тады, у пачатку дэпутацкай дзейнасці, было зразумела, якая мае быць праца, заснаваная, перш за ўсё, на сур’ёзнай адказнасці перад людзьмі. Адчытваючыся непасрэдна аб працы, хачу сказаць, што я з’яўляюся намеснікам старшыні пастаяннай мандатнай, па прававых пытаннях, пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання камісіі раённага Савета дэпутатаў. Пры падрыхтоўцы асобных пытанняў непасрэдна на месцах вывучаем стан спраў на канкрэтным прадпрыемстве, установе. Такая форма работы дазваляе вывучыць рэальнае становішча спраў, дае магчымасць пачуць меркаванне насельніцтва, а часцяком і ацэнку дзейнасці органаў улады і нас, як дэпутатаў.
А. ПАЛЕЕНКА,
дэпутат па Савецкай выбарчай акрузе № 1.