У дэпутацкай дзейнасці не з’яўляюся пачаткоўцам, бо ўжо трэцяе скліканне абрана дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў па Казялужскай выбарчай акрузе № 2, а таксама другое скліканне – дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Казялужскай акрузе № 32.
Найбольш эфектыўнымі атрымліваюцца сустрэчы з выбаршчыкамі падчас сельскіх сходаў, выездаў на працоўныя месцы, у тым ліку МТФ.
Пытанні, з якімі звяртаюцца да мяне, тычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавых праблем – адсутнасць вады, дрэнны стан дарог, асвятленне вуліц, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, вылучэнне пашы пад выпас свойскай жывёлы.
Часта даводзіцца працаваць у складзе рабочых дэпутацкіх груп па вывучэнні пытанняў, разглядваемых на сесіі. Падтрымліваю дэпутацкую ініцыятыву «Добрая справа дэпутата»: віншую ветэранаў, пажылых людзей са святамі, ўручаю партфелі першакласнікам.
Працую дырэктарам сельскай школы, таму заўсёды пад пільнай увагай мясцовага насельніцтва. З’яўляюся дарадцам у пытаннях адукацыі, выхавання, сямейных і бытавых праблем. Імкнуся вырашаць іх па магчымасці. Будзе жыць сяло, будзе жыць і развівацца школа. Таму прыкладаю сумесна з калегамі шмат намаганняў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, прыцягваючы сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі. І сёння не толькі школьнікі, але і мясцовыя жыхары маюць выдатную магчымасць займацца спортам на школьным стадыёне і тэнісным корце, у спартыўнай і трэнажорнай залах.
На працягу дэпутацкай дзейнасці праводжу вялікую работу па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Прыкладам служыць установа адукацыі. Гэта працяг той сістэмнай працы, у якой задзейнічаны ўсе, у тым ліку і дэпутацкі корпус. Большасць насельніцтва актыўна ўключылася ў работу па навядзенні парадку.
Недзе за пытаннямі добраўпарадкавання мы сталі менш увагі надаваць развіццю асабістай дапаможнай гаспадаркі. І гэта на сённяшні дзень становіцца праблемай.
Згодна з рашэннем, прынятым прэзідыумам раённага Савета дэпутатаў, у снежні мінулага года – студзені бягучага года дэпутаты прымаюць удзел у сходах працоўных калектываў. Наведала працоўныя калектывы райЦГЭ і прафесійнага ліцэя, на якіх кіраўнікі ўздымалі надзённыя пытанні, у тым ліку зварот грамадзян, выкананне Закона аб барацьбе з карупцыяй. У сваю чаргу, каб паказаць важнасць маючай адбыцца выбарчай кампаніі, я праінфармавала калектывы аб прымаемых рашэннях на пасяджэннях сесій раённага Савета дэпутатаў, пастаяннай камісіі па бюджэтна-эканамічных пытаннях, сакратаром якой з’яўляюся.
За час дэпутацкай дзейнасці зразумела, што самае галоўнае ў рабоце дэпутата – наладзіць зваротную сувязь з жыхарамі, каб ведаць, чым жывуць, чым дыхаюць людзі ў тваёй акрузе.
С. ЛОБАН,
дэпутат райсавета дэпутатаў
па Казялужскай выбарчай акрузе № 32,
дэпутат сельсавета дэпутатаў
па Казялужскай выбарчай акрузе № 2.