Беларусь турыстычная: Косава, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць

Беларусь турыстычная

Расказвае Юлія Міхед:
– Пару гадоў таму, яшчэ быўшы студэнткай МДЛУ, мы групай рабілі праекты пра славутасці роднага горада. Маргарыта, мая сяброўка, расказала пра палац Пуслоўскіх у маленькім мястэчку (больш падобным на вёску) Косава. Жыла яна непадалёк – у Івацэвічах. Так як я з’яўляюся вялікім аматарам архітэктуры, гісторыі і падарожжаў, то адразу прасякла ідэяй калі-небудзь наведаць гэтае месца.
Падчас летніх канікул была ў летнім лагеры недалёка ад Баранавічаў. А паколькі адлегласць паміж Хойнікамі і Івацэвічамі даволі няблізкая (ехала праз Мінск да Баранавічаў, а да Івацэвічаў яшчэ гадзіны дзве дзесьці), Маргарыта адразу запрасіла мяне ў госці, раз ужо лёс занёс далёка ад дома. Яна паказала мне свой родны горад, вельмі чысты, адрозніваецца па адчуванні ад гарадоў іншых абласцей. Ёсць і басейн, і Лядовы палац – даволі развітая інфраструктура. А асноўным пунктам экскурсіі, вядома, стаў палац у Косава.
Дабраліся мы туды на машыне і нарэшце нашым вачам паўстаў цудоўны від: злева на ўзвышшы знаходзіўся палац, а справа нагадвае возера вялізны вадаём у промнях сонца і музей у сядзібе Тадэвуша Касцюшкі. Падобных замкаў я не бачыла яшчэ на тэрыторыі Беларусі. Да таго часу па графіку заканчэння работ замак павінен быў быць ужо адрэстаўраваны, але работы зацягнуліся, таму сяброўка паклікала ў госці на будучыню, каб паглядзець ўжо больш гатовы варыянт палаца: без агароджы. Дарэчы, новая дата заканчэння – 2018 год.
Сам стыль замка, неаготыкі, адразу прыкоўвае погляд у ёй няма змрочнасці гатычнага стылю і перанасычанасці барока. У будаўніцтве прымаў удзел італьянскі архітэктар Марконі. Мая знаёмая распавяла крыху пра гісторыю: замак быў прайграны ў карты адным з Пуслоўскіх і з таго часу мяняў гаспадароў і прыходзіў у заняпад, потым падчас Першай сусветнай вайны яго разрабавалі і дабілі яго пры савецкай уладзе – партызаны падпалілі, каб не дастаўся фашыстам. Аднак ходзяць паданні аб унутраным строі. У палацы было больш за 100 пакояў, прычым замак быў пабудаваны так, што кожныя два з паловай дня на працягу года сонца асвятляла цалкам адзін з пакояў. Кожная вежа сімвалізуе месяц года, а 4 самыя вялікія вежы – самыя ўраджайныя месяцы (травень-жнівень). Сістэма ўнутраных праходаў і вокнаў дазваляе пранікаць сонечным прамяням ў кожны куток замка. Па лягендах, у «дзень пакоя» яго прыбіралі, і радаваліся сонечнаму дню менавіта ў ім. Кажуць, у адной з залаў падлогу зрабілі са шкла, а пад ім у вадзе плавалі экзатычныя рыбкі. Было некалькі раскошных бальных пакояў, якія насілі імёны пэўнага колеру: Чорная зала была прызначаны для картачных гульняў, Ружовая зала з’яўлялася музычным пакоем, а ў Белай зале прымалі гасцей падчас прыёмаў і баляў.
Па чутках, у замку быў ручны леў, якога ноччу выпускалі шпацыраваць па калідорах. Яшчэ адной цікавай асаблівасцю замка з’яўляецца «музычная лесвіца». Уся справа ў яе канструкцыі з полых костак жывёл. Яна была вельмі вузкай, і калі па ёй падымалася дама ў пышнай спадніцы, шоргат узмацняўся, ствараючы музычны эфект. Перад замкам быў разбіты англійскі сад з дзіўнымі і экзатычнымі відамі раслін і дрэў. Самыя пераборлівыя асобнікі знаходзіліся ў аранжарэі непадалёк.
Шкада, што ўся гэтая прыгажосць засталася толькі ў паданнях. Спадзяюся, калі-небудзь веліч палаца Пуслоўскіх будзе адноўлена ў поўнай меры. Але нягледзячы на паўразбураны выгляд, Косаўскі замак глядзіцца велічна і ўражвае сваёй унікальнасцю.
Можна перайсці дарогу і паглядзець на сядзібу Т. Касцюшкі. Пуслоўскія за свае сродкі аднавілі малую радзіму героя, прызнаючы яго заслугі, і вельмі ганарыліся тым, што ён тут нарадзіўся. Праязджалі міма Траецкага касцёла, дзе хрысцілі Касцюшку.
Прывезла некалькі фотаздымкаў на памяць. Упэўнена, паездка ў Косава варта выдаткаванага часу, і вы не расчаруецеся. У наступны раз планую зірнуць на Ружанскі замак, размешчаны недалёка ад Косава.

Запісала Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *