Жыхары вёскі Слабажанка, напэўна, прывыклі ўжо да прыгажосці, якая створана на цэнтральнай вуліцы Калесніка, якая носіць імя аднаго з вызваліцеляў нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А вось праязджаючыя па аўтадарозе ў напрамку Мазыра і Калінкавіч у захапленні азіраюць зробленае. Тут зусім нядаўна на ўсю працягласць вуліцы ў паўтара кіламетра ўстаноўлена новая агароджа. Ды не проста ўстаноўлена, але і з густам пафарбавана.
На добраўпарадкаванне вуліцы са сродкаў мясцовага бюджэту выдзелена 60 мільёнаў рублёў. Матэрыялы для вырабу агароджы закуплены ў ДЛГУ «Хойніцкі лясгас». Дарэчы, гэтая арганізацыя, а таксама ПДРЭЗ накіроўвалі сваіх рабочых, якія працавалі на гэтым аб’екце добраўпарадкавання. Асабліва шчыравалі пасланцы запаведніка Руслан Уладзіміравіч Кудранок і Уладзімір Анатольевіч Дашук.
Такім чынам, з’явіўся прыгожы плён агульных намаганняў. Хацелася б, каб насельніцтва зберагала і захоўвала яго і такімі адносінамі да зробленага аддзячыла за праяўлены дзяржавай клопат. Я ж хачу выказаць падзяку кіраўнікам вышэйадзначаных арганізацый П.М. Кудану, І.Ф. Астапенку, П.П. Фурсу, якія ў шчыльным графіку вытворчых работ знайшлі магчымасць аказаць дапамогу вяскоўцам.
Л. КІРЫЛАВА, старшыня Алексіцкага сельвыканкама.