Толькі разам зможам вырашыць пытанні

Дэпутаты за работай

У Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 2, дэпутатам па якой я з’яўляюся, пражывае 444 выбаршчыкі, з іх 127– пенсіянераў.

Як дэпутат працую ў камісіі па сацыяльных пытаннях. Асноўныя напрамкі маёй дзейнасці – правядзенне прыёмаў грамадзян, інфармацыйных сустрэч; аказанне сацыяльна-бытавой дапамогі ветэранам, інвалідам, шматдзетным сем’ям; арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў ідэалагічнай, патрыятычнай, спартыўнай, культурна-масавай накіраванасці.
Кожны другі панядзелак месяца я праводжу прыём грамадзян. Аднак асноўнымі відамі работы з выбаршчыкамі лічу наведванне іх па месцы пражывання, на месцы працы, у грамадскіх месцах.
У цэлым, з просьбамі і прапановамі да мяне звярнулася каля 20 чалавек. За гэтымі лічбамі – людскія праблемы і крыўды, няпростыя жыццёвыя сітуацыі, нявырашанасць бытавых праблем, просьбы растлумачыць палажэнні законаў.
Пераважная большасць зваротаў звязана з работай камунальнай службы: добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі (вул. Паркавая, 11,12,13), асвятленне тэрыторыі, пад’ездаў, добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі, падсыпка дарогі па вул. 8 Сакавіка і інш. Для вырашэння гэтых пытанняў былі накіраваны вусныя і пісьмовыя дэпутацкія запыты ў КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Многія пытанні былі вырашаны, асобныя знаходзяцца на кантролі.
Праца з выбаршчыкамі не зводзіцца толькі да вырашэння пастаўленых імі праблем. Лічу сваім абавязкам там, дзе магу, аказваць кансультацыі наконт звароту ў розныя інстанцыі, па псіхалагічных і педагагічных праблемах, звязаных з працаўладкаваннем, забеспячэннем законнасці і правапарадку, фарміраваннем культуры сямейных адносін, здаровага ладу жыцця, а таксама інфармаваць аб рашэннях, якія прымаюцца раённым Саветам дэпутатаў. Падтрымліваю цесную сувязь з ветэранам ВАВ Акуленка С.А.
Не менш важнай з’яўляецца праца ў Савеце дэпутатаў i яго органах. Прымаю ўдзел ва ўсіх сесіях раённага Савета, у пасяджэннях пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях; удзельнічаю ў прыёмах грамадзян, якія праводзіць старшыня раённага Савета дэпутатаў; Днях дэпутата; сходах працоўных калектываў. Удзельнічаю ў акцыях «Добрая справа дэпутата», «Збяром партфель да школы», «Нашы дзеці», а таксама ў месячніках па добраўпарадкаванні тэрыторыі горада.
Як дэпутат і як кіраўнік установы адукацыі, вялікую ўвагу надаю пытанням мацярынства, дзяцінства, супрацоўнічаю з усімі зацікаўленымі службамі.
Аднак, як і ў любой працы, у працы дэпутата ёсць праблемы: шэраг пытанняў нявырашаны, значыць, трэба праяўляць настойлівасць, цясней працаваць з насельніцтвам, з дэпутацкім корпусам. Толькі разам можна вырашаць пытанні, якія выносяцца на парадак дня самім жыццём.

Ж. Сергеенка, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *