«Вася, давай!», ці як прайшла лыжня

Образование Спорт

Якія толькі падтрымліваючыя фразы ні крычалі сваім калегам і сябрам балельшчыкі на спаборніцтвах «Хойніцкая лыжня-2018». 

З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, папулярызацыі зімовых відаў спорту сярод насельніцтва штогод праводзіцца раённае свята «Хойніцкая лыжня». І сёлета традыцыйна яно прайшло на полі, што насупраць рынку «Юбілейны». Да ўдзелу ў эстафетных лыжных гонках і масавым старце запрашаліся каманды працоўных калектываў і вучнёўскай моладзі.
Мінулая субота падарыла хайнічанам снежны марозны дзень. На пляцоўцы насупраць рынка сабраліся ў яркіх цёплых уборах і дарослыя, і дзеці.
Пасля запальваючай прамовы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.М. Тупіцы, якая пажадала ўсім удзельнікам паспяховага выступлення на лыжні, спаборніцтвы стартавалі.
Варта адзначыць, что ўсе этапы прайшлі хутка. Не паспявалі дзяўчаты пераадолець кароткую дыстанцыю, як следам за імі рушылі юнакі. А з боку гледачоў не спыняўся гул: і малыя, і дарослыя крычалі ва ўсю моц. Запомніўся стабільна гучны голас аднаго з гараджан, які штохвіліну крычаў сябру-лыжніку «Вася, давай!». Апладысментамі падбадзёрвалі ўсіх лыжнікаў, тым часам працягвалася барацьба, але не за медалі, а за здаровы лад жыцця.
У змешанай эстафеце сярод устаноў адукацыі перамогу святкавалі вучні Паселіцкай школы, на другім месцы – навучэнцы трэцяй гарадской школы, а трэцім – рабяты з гімназіі. На гэтым жа этапе, але сярод арганізацый і прадпрыемстваў, першымі фінішыравалі прадстаўнікі каманды «ДЮСШ «Алімп». На другой прыступцы п’едэсталу гонару – педагогі Судкоўскай СШ, бронзавымі прызёрамі сталі сёлета работнікі КЖУП «Хойніцкі камунальнік».
У масавым старце месцы размеркаваліся наступным чынам. Сярод жанчын лепшай прызнана Алла Ходас («ДЮСШ «Алімп»), другое і трэцяе месцы занялі Алена Сухоцкая (ЦРБ) і Людміла Тупіца (аддзел адукацыі, спорту і турызму) адпаведна. У мужчынскім старце самым спрытным стаў ураджэнец агр. Веляцін Яўгеній Лазарчук, другое месца – у работніка аддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолія Пінчука, трэцяе заняў яго калега – Сяргей Вараб’ёў.
Пераможцам і прызёрам уручылі падарункі і граматы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.М. Тупіца і кіраўнік раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Л.Ф. Кулакоўская. Адзначылі і самага маладога ўдзельніка – 11-гадовую Яніну Шпіль, і самага сталага – 70-гадовага Уладзіміра Віктаравіча Барадуліна.
Гледачам і балельшчыкам стваралі добры настрой артысты мастацкай самадзейнасці Цэнтра культуры г. Хойнікі. У гандлёвым сектары райспажыўтаварыства прапанавалі гарачы чай і разнастайную выпечку.
«Хойніцкая лыжня-2018» прайшла весела і пазітыўна. Няхай жа гэты зарад бадзёрасці зберажэцца ва ўдзельнікаў і балельшчыкаў яшчэ надоўга.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *