Аўтарытэт заслужыў працай

Людзі і лёсы

З часоў з’яўлення на сельскагаспадарчай ніве першага трактара прафесія механізатара па праву лічыцца ў вёсцы адной з самых патрэбных, а таму і пачэсных.


 


Гэта некалі людзі і сеялі, і касілі, і ўраджай збіралі ўручную, а зямлю-карміцельку ўзворвалі конікам з прымітыўнай сахой. Зараз час зусім іншы, і сёння без магутных энерганасычаных трактараў, сучасных камбайнаў і шыроказахопнай глебаапрацоўчай тэхнікі немагчыма ўявіць сабе правядзенне ніводнай адказнай сельскагаспадарчай кампаніі – пасяўной, касавіцы, жніва, апрацоўкі і догляду пасеваў. Таму кваліфікаваны і спрактыкаваны трактарыст-машыніст сёння цэніцца на вагу золата ў любым сельгаспрадпрыемстве, ад яго майстэрства, руплівасці і стараннасці ў многім залежаць якасныя і колькасныя паказчыкі ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.



Усе пералічаныя вышэй чалавечыя і прафесійныя якасці ўласцівы механізатару сельгаспрадпрыемства «Веляцін» Уладзіміру Васільевічу Кардашу. Адразу пасля заканчэння ў 1988 годзе Хойніцкага СПТВ-183 вярнуўся ён у родны Веляцін дыпламаваным вадзіцелем. Працаўладкаваўся ў калгасе «Бальшавік», працаваў на грузавым аўтамабілі, а праз некаторы час, закончыўшы вучэбна-курсавы камбінат райсельгасхарчу, атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, і з пачатку 90-х гадоў пайшоў адлік стажу яго механізатарскай кар’еры. 



Цікава, што і раней, і зараз асноўным яго транспартным сродкам быў і з’яўляецца МТЗ-82. Свой першы трактар Уладзімір Васільевіч бярог і даглядаў самым старанным чынам, таму і даслужыў ён да снежня мінулага года яшчэ з тых, далёкіх зараз гадоў. А ў снежні цяперашнім роўна год споўніцца з таго часу, як атрымаў У.В. Кардаш такі ж самы, але ўжо новы, у заводскай змазцы, МТЗ-82.



Немалое месца ў яго рабоце займае камбайнерская праца, бо Уладзімір Васільевіч кожны год займаецца ўборкай збожжавых культур, зборам ураджаю рапсу і кукурузы.
– Зараз нашы беларускія канструктары і вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі зрабілі вялікі крок наперад, – гаворыць механізатар, – камбайны «Гомсельмаша» па тэхнічных параметрах і па камфортнасці намнога пераўзыходзяць ранейшыя расійскія «Нівы» і «Коласы», на якіх мне давялося папрацаваць у 90-х гадах. Ды і знакамітыя ў той час камбайны «Дон-1500» сёння ўжо таксама даўно не выкарыстоўваюцца на беларускіх палях. А маім універсальным «Палессем», на якім працую ўжо чацвёрты сезон, можна з аднолькава высокай якасцю ўбіраць і рапс, і збожжавыя, і кукурузу – дастаткова толькі памяняць жняярку.



Сваю кукурузу на зерне ў «Велеціне» ўбралі яшчэ ў кастрычніку, таму, дапамагаючы суседзям, У.В.  Кардашу давялося папрацаваць на такіх жа кукурузных палетках у сельгаспрадпрыемствах «Аравічы» і «Стралічава». Дарэчы, менавіта ў эксбазе  абмалаціў механізатар апошнія кукурузныя гектары. Зараз камбайн-працаўнік праходзіць належны тэхнічны агляд, яго старанна памыюць і пачысцяць і зойме ён належнае месца на зімовым захоўванні ў ангары. А ў штодзённыя будні ўключыўся засумаваўшы МТЗ-82 – работы для яго хопіць і ў зімовае міжсезонне.



Калі запытаўся аб тым, якому занятку аддае Уладзімір Васільевіч свой вольны час, той толькі ўсміхнуўся:
– А калі ён у нас бывае – на работу выходзіш з дома ў цемры, і гэтак жа, зацемна, вяртаешся… А дома яшчэ ж і хатняя гаспадарка – таксама трэба паспець і па ёй справіцца. Так жыве не толькі мая сям’я, але і напэўна ўсе працаўнікі вёскі.



Дарэчы, яго жонка Ірына Аляксандраўна таксама працуе ў «Велеціне» ў якасці дыспетчара. А вось дзве дачкі сваім полем дзейнасці абралі педагагічную ніву. Старэйшая – Віка, пасля заканчэння Рэчыцкага педкаледжа працуе выхавальніцай у Веляцінскім дзіцячым садзе, а малодшая Наталля зараз вучыцца ў Лоеўскім педагагічным каледжы.
…Для таго, каб дасягнуць поспеху, у любой справе патрэбны не толькі глыбокія веды, але і такія рысы характару, як працавітасць, настойлівасць, цярплівасць, пастаяннае імкненне да самаўдасканальвання. Сёння Уладзімір Васільевіч Кардаш – адзін з самых паважаных і заслужаных работнікаў сельгаспрадпрыемства «Веляцін». Гэты аўтарытэт і павагу таварышаў па рабоце, кіраўніцтва гаспадаркі ён па праву заслужыў не толькі сваім прафесійным майстэрствам, але і гадамі бездакорнай, самаадданай працы.


 


Віктар НАЗАРАНКА.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *