Па статыстыцы навучэнцы Хойніцкага прафесійнага ліцэя (нават і дзяўчаты) часцей за астатніх трапляюць у камісію па справах непаўналетніх па колькасці правапарушэнняў. А як арганізавана выхаваўчая работа ліцэя ў вячэрні час (менавіта тады здзяйсняецца большасць злачынстваў ліцэістамі)? З гэтым паспрабавала разабрацца карэспандэнт «Хойніцкіх навін».
Вывучаю расклад работы гурткоў, спартыўных секцый і факультатываў ліцэя. Здаецца, што не ўсё так дрэнна. На працягу тыдня (акрамы нядзелі) увечары насычаная праграма. І чаго ліцэістам толькі не хапае, чаго іх цягне на правапарушэнні?
Спачатку вырашыла наведаць спартыўную секцыю на базе ліцэя, якая карыстаецца найбольшай папулярнасцю сярод навучэнцаў, у сярэднім сюды ходзіць каля 30 чалавек. Працуе яна больш чым дзве гадзіны, таму часу хапае паўдзельнічаць амаль ва ўсіх гульнявых відах спорту – баскетбол, валейбол, футбол, тэніс, або заняцца лёгкай атлетыкай.
Спартыўнае жыццё тут рознабаковае, таму кожны навучэнец здольны знайсці, што яму прыйдзецца па душы, а не шукаць прыгоды на сваю галаву ўвечары. Ліцэіст Мікіта Сацура прыходзіць у спартзалу часта, сказаў, што цікава арганізавана секцыя, выкладчыкі М.В. Раманенка і П.С. Васіленка добра трэніруюць, падказваюць тэхнічныя прыёмы. Эмоцыі тут, канешне, зашкальваюць!
Гурток «Камп’ютар. Прафесія. Інтэрнет» праводзіцца 3 разы на тыдзень – у панядзелак, сераду і пятніцу пад кіраўніцтвам А.А. Шпаруна. І тут ліцэісты не сядзяць у сацыяльных сетках, як вы б маглі падумаць, а ствараюць сайты, базу дадзеных, электроныя табліцы, прэзентацыі. Першакурсніку Сяргею Сяргеенку (дарэчы, ён у школьныя гады стаяў на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, зараз законапаслухмяны грамадзянін) падабаецца гурток, дадаў, што навыкі спатрэбяцца і ў вучобе.
У лабараторыі ліцэя за партамі ўважліва слухаюць навучэнцы выкладчыка Д.А. Дзейкуна, які вядзе гурток «Аўтасправа». Як гаворыцца, чыста мужчынскі занятак, і з дзяўчат тут ніводная не запісана. Пераважна сюды ходзяць юнакі спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне сельгаспадарчых работ».
А ў якіх жа гуртках займаюцца ліцэісты ў інтэрнаце № 2? Аказалася, мастацкая творчасць у прыярытэце. Дзяўчынкі на занятках у А.Г. Жмыхавай робяць прыгожыя вырабы з тканіны, цеста, бісеру. Вочы разбягаюцца ад чароўных кампазіцый, якія красуюцца ў кабінеце. Ліцэістка Вольга Азмухаметава з задавальненнем наведвае гурток, шмат чаму ўжо навучылася, у яе інтэрнатным пакоі ёсць некалькі асабістых вырабаў.
У танцавальнай зале інтэрната практычна кожны вечар не сціхае музыка, менавіта тут дзяўчаты і хлопцы рэпетыруюць новы танец пад кіраўніцтвам выхавальніцы В.М. Раманенка.
Здаецца, практычна ўсё магчымае робіцца для ліцэістаў, каб зацікавіць іх у вячэрні час. Любіш спорт – калі ласка, трэніруйся, умееш вышываць – шлях адчынены, многа вольнага часу – займіся самаразвіццём. Галоўнае – жаданне праводзіць свой час з карысцю.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.