Якасць малака павінна павышацца

Сельское хозяйство

 Адной з галоўных задач, якія стаяць сёння перад жывёлаводамі малочнай галіны сельгасвытворчасці, з’яўляецца павышэнне якасці малака. Зрэшты, у гэтым павінны быць зацікаўлены і самі гаспадаркі: чым вышэй гатунак рэалізуемага малака, тым больш сродкаў атрымае за яго сельгаспрадпрыемства.



Вось якія закупачныя цэны дзейнічаюць на сённяшні дзень: за 1 тону малака, залічаную гатункам «экстра» з базіснай яго тлустасцю 3,6%, гаспадарка атрымлівае 2 мільёны 782 тысячы рублёў. Тона малака вышэйшага гатунку каштуе 2 мільёны 398 тысяч рублёў, першага – 2 мільёны 477 тысяч рублёў, другога – толькі 477 тысяч. Як бачым, нават на адной тоне розніца істотная: 384 тысячы рублёў паміж гатункамі «экстра» і вышэйшым і 569 тысяч – паміж «экстра» і першым. Красамоўная і розніца паміж «экстра» і другім гатункам – амаль 2 з паловай мільёны рублёў. А калі гэтую розніцу памножыць на сотні і тысячы рэалізаваных тон, то канчатковыя лічбы будуць яшчэ больш унушальнымі. Гэта і ёсць рэзерв фінансавых сродкаў, якія потым можна выкарыстаць і для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгасвытворчасці, і для матэрыяльнага стымулявання працуючых, і для ажыццяўлення сацыяльных мерапрыемстваў.



Аднак задачу павышэння якасці атрыманага малака немагчыма вырашыць без удасканальвання вытворчай базы жывёлагадоўлі. Вось і ў нашым раёне малочнатаварныя фермы паступова абсталёўваюцца новымі малакаправодамі і халадзільным абсталяваннем, у выніку чаго да мінімуму зводзіцца кантакт атрыманага малака са знешнім асяроддзем – адна з важнейшых умоў яго высокай якасці. Вынікам гэтай мадэрнізацыі вытворчасці малака ў раёне стала тое, што калі раней малако гатункам «экстра» рэалізоўвалася толькі сельгаспрадпрыемствамі імя Мележа, «Аравічы» і «Судкова», то зараз гэты спіс паступова пачаў пашырацца. Гатункам «экстра» малако сталі прадаваць эксбаза «Стралічава», КСУП «Веляцін», «Хойніцкі Аграсервіс», а за кастрычнік бягучага года ўдзельная вага «экстры» ва ўсім аб’ёме рэалізаванага гаспадаркамі раёна малака склала 43,4 працэнта – 604,9 т. Вышэйшым гатункам у мінулым месяцы рэалізавана 783,5 т (56,3%), першага гатунку не было наогул, а 4 тоны малака залічана другім гатункам.



Усяго за перыяд са студзеня па кастрычнік 2011 года сельгаспрадпрыемствы раёна гатункам «экстра» рэалізавалі 3919 тон малака (27,1% у агульным аб’ёме). Вышэйшым гатункам прададзена 7825,6 тоны (54,1%), першым – 2512,5 т (17,4%), другім – 198,9 т (1,4%).



Па абсалютнаму танажу рэалізаванага гатункам «экстра» малака наперадзе ідуць сельгаспрадпрыемствы імя Мележа (1805,9 тоны), «Аравічы» (1369,7 т) і «Судкова» (678,5 т).
Зараз у лік дзеючых уведзены новы сучасны жывёлагадоўчы комплекс на 600 галоў жывёлы ў эксбазе «Стралічава», да канца года ў эксплуатацыю павінен уступіць яшчэ адзін комплекс у сельгаспрадпрыемстве «Аравічы». Таксама да канца 2011 года будуць набыты даільныя ўстаноўкі, неабходныя для 100%-га даення толькі ў малакаправод. Гэта не толькі значна аблегчыць працу аператараў машыннага даення, але і забяспечыць атрыманне якаснага малака. Таму ёсць усе падставы разлічваць на тое, што якасць малака ў гаспадарках раёна ў бліжэйшы час узнімецца на новы ўзровень.



А. МАХНАВЕЦ,  намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *