Напярэдадні Вялікага Паста праваслаўныя хрысціяне весела і смачна праважаюць апошні перад гэтым тыдзень святкаваннем шчодрай Масленіцы. Гэты звычай ідзе яшчэ з часоў язычніцтва, калі гучна і ярка клікалі вясну, але ўдала сумясціўся з хрысціянскімі канонамі.
Хаця асноўнае свята адзначаюць у нядзелю, каб парадаваць малышоў, у Казялужскім дзіцячым садзе выхавальнікі вырашылі арганізаваць вясёлае мерапрыемства ў пятніцу. Дарэчы, Масленіцу ў гэтым дзіцячым садзе святкуюць штогод. Рабяты заўсёды чакаюць гэты дзень і вельмі радуюцца розным конкурсам: пераносяць бліны на «патэльні», перацягваюць канат, кідаюць валёнкі, катаюцца на «конях», а таксама спяваюць песні і водзяць карагод. Бацькі таксама прымалі непасрэдны ўдзел у эстафетах, вадзілі разам з дзецьмі карагоды, самі пеклі блінцы. У канцы, як прынята, спалілі пудзіла Масленіцы і пачаставаліся смачнымі блінамі з цёплым чаем.
У нядзелю шырокае святкаванне «Шчодрай Масленіцы» прайшло ў Хойніках. Каля Цэнтра культуры ў мікрараёне «Юбілейны» размясцілі канцэртную пляцоўку, гульнявыя зоны, кірмашовыя шэрагі, палаткі з блінамі і шашлыком, а таксама з гарачым чаем, выпечкай. Арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, пастараліся на славу, сабраўшы самыя цікавыя конкурсы і майстар-класы.
Цэнтрам гуляння стаў 5-мятровы слуп, на якім уверсе самага смелага чакаў кошык з назвай прыза. Некаторыя хлопцы падыходзлі да справы з усёй сур’ёзнасцю: распраналіся літаральна да бялізны, каб лягчэй было па слупу лезці. І ім шанцавала! Дабіраліся да скрыначкі, у якой ляжала назва падарунка. А потым на сцэне пад апладысменты землякоў атрымлівалі заслужаныя прызы. Сёлета ў спісе разыграных падарункаў былі бытавая тэхніка, сярвізы і, як заўсёды, жывы певень!
Пазітыўны настрой гледачам стваралі артысты мастацкай самадзейнасці раёна, а побач усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з вырабамі раённага Дома рамёстваў і навучыцца плесці з саломкі з дапамогай работніц цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яны, да таго ж, нагатавалі смачных жоўценькіх блінцоў, якія з задавальненнем паспыталі хайнічане.
Пакуль дарослыя весела падпявалі артыстам, дзеткі выстраіліся ў чаргу, каб пакатацца на драбінах, у якіх ехала, да слова, казачная Вясна. Малышы надоўга запомняць экскурсію вакол пляцоўкі – сёння гарадскім хлопчыкам і дзяўчынкам рэдка выпадае такая ўдача.
У фінале святкавання хайнічан запрасілі паглядзець на спаленне пудзіла Масленіцы. Лічыцца, што такое завяршэнне свята са спаленнем саламянай лялькі сімвалізуе завяршэнне халадоў і хвароб, а, значыць, вясна і цяпло не за гарамі.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.