З людзьмі і для людзей


5 снежня 1931 года выйшаў першы нумар раённай газеты «Ленінскі сцяг», рэдакцыя якой была зацверджана на бюро Хойніцкага РК КП(б)Б. Працоўныя раёна атрымалі магчымасць рэгулярна сачыць за мясцовымі навінамі, даведвацца аб сацыяльных зменах, якія адбываліся ў той час, радавацца поспехам у выкананні першых пяцігодак.



Многае змянілася за гэтыя гады на Хойнікшчыне. І на працягу ўсіх 80 год раённая газета была разам з вамі, дарагія чытачы і падпісчыкі. У 60-я гады непрацяглы час газета выходзіла пад назвай «Новы шлях». 



Не так многа за 80 гадоў змянілася рэдактараў «Ленінскага сцяга»: М.Іофін, М. Снігір, С. Багданаў, І. Вяршынская, Л. Волкава, Р. Рутман, У. Гулевіч, А. Сакун, У. Далгалычанка. Кожны з іх быў асобай, настаўнікам для маладых і сапраўдным лідэрам калектыву.
З 2 ліпеня 2009 года газета мае назву «Хойніцкія навіны».         


 
Мы пішам летапіс

Аднаму са старэйшых выданняў Беларусі – нашай раённай газеце «Хойніцкія навіны» –  спаўняецца роўна 80 гадоў. Але што датычыць шаноўнага ўзросту газеты, то тут яшчэ як паглядзець. Восем дзесяткаў гадоў могуць сведчыць, з аднаго боку, аб немалых заслугах на інфармацыйнай прасторы. З другога – упэўнена,  узрост любога друкаванага выдання вызначаецца не столькі датай выхаду ў свет першага нумара, колькі сённяшнім творчым патэнцыялам шчыра адданых і ўлюбёных ў сваю справу журналісцкіх сэрцаў, наогул, усіх работнікаў рэдакцыі, бо кожны нумар «Хойніцкіх навін» – вынік  калектыўнай працы.



Напярэдадні слаўнага юбілею газеты з’явілася што ні на ёсць інфармацыйная нагода расказаць чытачам аб сваіх калегах. Наш калектыў штогод папаўняецца маладымі супрацоўнікамі, і ў гэтым мы бачым добры знак. Выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ, адказны сакратар Вольга Белаш і загадчыца аддзела пісьмаў Алеся Ячычэнка, карэспандэнты Наталля Чэкан, якая навучаецца завочна ў БДУ па гэтай спецыяльнасці, і Алена Смусянок – гэта будучае нашай газеты і, паверце, толк будзе. Мой намеснік Клаўдзія Босак мае вялікі стаж работы ў газеце, у журналістыцы ведае амаль усё,  нягледзячы на дэфіцыт часу і іншыя ўмовы, якія нярэдка ўзнікаюць пры падрыхтоўцы матэрыялу, здольная выдаць якасны і чытабельны інфармацыйны прадукт. Загадчык аддзела сельскай гаспадаркі Віктар Назаранка, акрамя зададзенай тэматыкі, трымае руку на пульсе фізкультурна-спартыўнага жыцця рэгіёна.



Але якім бы талентам ні валодалі калегі-журналісты, без гэтых супрацоўнікаў не абысціся – добры спецыяліст электроннага набору і вёрсткі ў любой рэдакцыі на вагу золата. З такім «залатым запасам» у асобе старшых аператараў Галіны Шылун і Ганны Карпенка мы адчуваем сябе ўпэўнена і надзейна. Эканамічны блок рэдакцыі прадстаўляе  галоўны бухгалтар Надзежда Ходас, якая шчыра працуе над мудрагелістымі балансамі, спрабуючы дабіцца таго, каб рэдакцыйныя  даходы нарэшце перамаглі расходы. І, канешне, заўсёды гатовы выехаць з карэспандэнтамі ў творчую камандзіроўку вадзіцель Сяргей Казмярчук, а тэхнічны работнік Алена Котчанка робіць усё, каб работнікі рэдакцыі працавалі ў чыстых і ўтульных кабінетах.



Восемдзесят гадоў у дыялозе з чытачамі – зайздросны для раёнкі лёс. За гэты час некалькі разоў мянялася назва газеты, але нязменным застаецца адно: увага да патрэб людзей, аб’ектыўнасць падзей, якія адбываюцца ў раёне. Мы і надалей прыкладзём усе намаганні для таго, каб усебакова, цікава і аб’ектыўна расказваць аб жыцці нашых землякоў, аб перспектывах развіцця роднай Хойнікшчыны. І мы ўдзячны ўсім, для каго наша раённая газета заўсёды была і будзе сваёй, роднай.
5 снежня раённая газета пачне адлічваць дзевяты дзесятак сваёй гісторыі. Якім ён будзе – залежыць ад калектыву рэдакцыі і чытачоў. Спадзяёмся, што самае цікавае для ўсіх нас – наперадзе.



 Галоўны рэдактар І.В. Лукашэнка.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *