Домаўладанне Аляксея Міхайлавіча і Вольгі Сямёнаўны Богуш, якія жывуць на вуліцы Гастэла райцэнтра, хаця не з новых, але дагледжаных. Па словах гаспадыні, яе галоўная страсць і захапленне – кветкі, якія духмяна пахнуць з ранняй вясны і да восені: піёны, гладыёлусы, ружы, папаратнік… Але больш за ўсё любіць яна астры. Імі Вольга Сямёнаўна нават абсаджвае градкі на агародзе замест радыскі. У гэтым творчым тандэме Аляксей Міхайлавіч увасабляе грубую мужчынскую сілу: дзе трэба, ускапае, прынясе, выбудуе.
– Знаходзілася на лячэнні ў бальніцы, – расказвае Вольга Сямёнаўна, – і дала наказ мужу, каб пры вяртанні мяне дамоў адрамантаваў агароджу.
Аляксей Міхайлавіч пастараўся – падножжа вырабіў з цэменту, а самую агароджу пафарбаваў вясёлымі колерамі – блакітным, зялёным і аранжавым.
Муж і жонка Богушы хаця ўжо не маладыя людзі (сёлета 60 гадоў іх сямейнаму саюзу), але імкнуцца дапамагчы ўсімі сіламі ў добраўпарадкаванні роднага краю.
Пагутарыўшы з нераўнадушнымі да агульнай справы людзьмі, можна пераканацца: яны не стануць патрабаваць «Зрабіце!», а абыходзячыся сваімі сіламі, робяць усё неабходнае самастойна. І яны не могуць зразумець тых людзей, якія не хочуць укладваць душу ў добраўпарадкаванасць свайго дома і падворка, не саромеюцца непафарбаванай і неадрамантаванай агароджы, каля якой замест кветак бур’ян і пустазелле.
Сваім асабістым прыкладам ветэранская сям’я Богуш заклікае да навядзення парадку на зямлі і задаволена, што гэтаму прыкладу следуюць жыхары. Ад сябе дадам, што гэта адзін з прыкладаў, якія павінны быць узорам для ўсіх.
В. ВАСЬКЕВІЧ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.