Маналог шчаслівай жанчыны

Людзі і лёсы Экономика

Т.У. Хаванскую ў нашым горадзе ведаюць многія. У першую чаргу, як выдатнага спецыяліста, высокакваліфікаванага ўрача-эндакрынолага, чалавека інтэлігентнага, ветлівага і чулага, як прыгожую і абаяльную жанчыну. Напярэдадні жаночага свята мы цэлую гадзіну размаўлялі з Таццянай Уладзіміраўнай, і яшчэ раз пераканаўся ў тым, наколькі гэта адукаваны, мудры і адкрыты чалавек. Вось як яна расказала аб сабе, сваёй рабоце і асноўных этапах жыццёвага шляху.

Аб сабе
Нарадзілася ў Казахстане, у горадзе Петрапаўлаўск. Але праз адзiн год пасля майго нараджэння наша сям’я пераехала ў Беларусь. У 1989-м з залатым медалём скончыла Гомельскую СШ № 40. У тым жа годзе паступіла ў Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскі інстытут, які скончыла ў 1996 годзе.
На пятым курсе інстытута выйшла замуж за аднагрупніка Сяргея Хаванскага. Тады ж разам вырашылі жыць і працаваць на радзіме мужа. Так і прыехала ў Хойнікі.

Аб сваёй рабоце
Стаць урачом марыла з дзяцінства, сваю працоўную дзейнасць пачала ў Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў якасці ўрача-эндакрынолага. У 2008 годзе была назначана намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай часці, на гэтай пасадзе працую і зараз.
Кола маіх абавязкаў вельмі шырокае. У першую чаргу – гэта работа стацыянара і аддзялення хуткай дапамогі, работа па аказанню экстраннай і неадкладнай дапамогі, работа бальніцы ва ўмовах надзвычайных сітуацый, арганізацыйна-метадычная работа і цэлы шэраг гаспадарчых пытанняў.
Загружанасць па рабоце вялікая, але заўсёды знаходжу час для кансультацый і дапамогі ўрачам і пацыентам. І ў выхадныя дні, і па вечарах рабочых дзён мой тэлефон заўсёды гатовы да выклікаў па рабоце.

Аб пацыентах
Свой працоўны дзень пачынаю з абходу найбольш «цяжкіх» хворых, разам з калегамі сочым за іх станам і зменамі ў здароўі, што адбыліся за ноч, вызначаем свае наступныя крокі і найбольш эфектыўныя шляхі пераадолення хваробы.
А ўвогуле, сваіх пацыентаў я люблю, для іх працую, імкнуся дапамагчы ім, падтрымаць і зрабіць так, каб чалавек пасля сустрэчы са мной адчуў надзею на выздараўленне, захаваў добры і пазітыўны настрой.

Аб сваім распарадку дня
Пад’ём у мяне звычайна ў 6 гадзін раніцы. Гатую снеданне і абед для сям’і, і ўжо ў 7.40 я на рабоце. Рабочы дзень заканчваецца ў 16.40, але часцей даводзіцца працаваць намнога пазней.
Для таго каб падтрымліваць на належным узроўні медыцынскую кваліфікацыю і сачыць за гатоўнасцю служб стацыянара да работы па аказанню экстраннай і неадкладнай дапамогі, рэгулярна дзяжуру ў прыёмным аддзяленні.

Аб сваёй сям’і
Лічу, што па жыцці мне вельмі пашанцавала, магу назваць сябе шчаслівым чалавекам: у мяне цудоўная любячая сям’я. Толькі самыя цёплыя словы магу сказаць пра бацькоў мужа: маці – Юлію Антонаўну і бацьку – Аляксандра Фёдаравіча, якога, на жаль, ужо няма сярод нас. Яны – прадстаўнікі ўнікальнай дынастыі медыкаў, агульны медыцынскі стаж якой звыш за 400 гадоў! З першага дня мяне прынялі, як родную дачку, я люблю іх як бацькоў.
Разам з мужам Сяргеем Аляксандравічам працуем у Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы, ён займае пасаду загадчыка інфекцыйнага аддзялення. Сын Станіслаў зараз вучыцца на 5 курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, па заканчэнні атрымае дыплом стаматолага. Дачка Кацюша пяцікласніца, яна – і мая памочніца, і мая сяброўка. Таксама марыць аб рабоце ў галіне медыцыны, вось толькі пакуль яшчэ канчаткова не вызначылася, каго ёй хочацца лячыць болей – людзей або жывёлін.
У свой час нашы бацькі мудра не «ціснулі» на нас з выбарам будучай прафесіі. Гэтак жа зрабілі і мы з Сяргеем, а таму прыемна, што нашы дзеці выбіраюць прафесію ўрача.

Аб сваіх захапленнях
З дзяцінства вельмі люблю чытаць. Яшчэ са школы захапілася Дастаеўскім, сярод любімых аўтараў назаву братоў Стругацкіх, Аверчанку, Тэфі, Булгакава, Гінзбурга, Леаніда Філатава, Ільфа і Пятрова, Амара Хаяма. У нас дома ёсць спецыяльная кніжная паліца для тых аўтараў, якіх мы найбольш часта любім перачытваць. На гэтай палічцы стаяць творы ўсіх, каго я назвала ў гэтым спісе.
Сярод беларускіх літаратараў вельмі падабаецца Шамякін, ганаруся тым, што давялося папрысутнічаць на творчай сустрэчы з Іванам Пятровічам у час вучобы ў Мінску. Ну і, канешне, асаблівае месца ў нашай літаратуры займаюць класікі – Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва (у час вучобы нават паўдзельнічала ў ісцэніроўках школьнага тэатра па яго байках!), Іван Мележ.
Акрамя таго, у вольны час (якога, на жаль, заўсёды не хапае!) любім майстраваць з дачкой падзелкі з пацерак (па-руску – «бисер»).

Што пажадаю жанчынам Хойнікшчыны?
8 Сакавіка – першая веснавая чырвоная дата календара, свята жанчын, вясны і кахання. Як медык прафесійна пажадаю ўсім жанчынам моцнага здароўя. А ў чалавечым плане скажу так.
Недзе прачытала цікавае выказванне аб тым, што шчасце – гэта не нейкі канчатковы пункт, а сама дарога, жыццёвы шлях да яго. Зыходзячы з гэтага, пажадаю нашым жанчынам толькі выдатных жыццёвых шляхоў, разумення ад сваіх блізкіх людзей, умення любіць і берагчы іх, і сябе таксама. Тады і прыйдзе ўсё астатняе.

Пасля такіх цёплых і пранікнёных слоў гераіні гэтага матэрыяла не магу не павіншаваць яе з надыходзячым жаночым днём. Здароўя Вам, паважаная Таццяна Уладзіміраўна, і толькі самых добрых, радасных дзён, імгненняў і навін!

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *