Каб мяжа цярпення не перайшла рысу

Законнасць і парадак

Насілле ў сям’і існуе ва ўсіх сацыяльных групах. Яно не залежыць ад узроўню даходаў, адукацыі, месца працы, становішча ў грамадстве. Але, як сведчыць статыстыка, у нашым раёне часцей за ўсё сямейная неспрыяльнасць праяўляецца ва ўзаемаадносінах мужа і жонкі. Прычым гэта адбываецца на вачах у дзяцей, якія становяцца сведкамі і відавочцамі канфліктаў, што адбываюцца ў сям’і. Злачынствы, здзейсненыя ў ходзе сямейных сварак, нярэдка па сваёй жорсткасці і цяжкасці наступстваў напамінаюць добра падрыхтаваныя злачынныя  садысцкія дзеянні.



На вялікі жаль, нямала на тэрыторыі нашага раёна сем’яў, у якіх бацькі зрабілі дзяцей заложнікамі сваіх дрэнных звычак. Дарослыя зусім не клапоцяцца аб сваіх дзецях, якім далі жыццё.



Так, трэцякласнікі гарадской школы Віця і Вера Сідаравы (прозвішча і імёны зменены па этычных прычынах)  бачылі адну і тую ж карціну: бацька і маці ніколі не садзіліся вячэраць без бутэлькі з алкагольным напіткам, якую ставілі на цэнтр стала. Дзеці ведалі ўжо, што пасля вячэры абавязкова адбудзецца скандал, і бацька будзе біць маці. Раней і нашчадкі траплялі пад «гарачую» руку. Таму, ведаючы гэта, зімой хаваліся пад ложак у кватэры, а летам, нягледзячы на начны час, збягалі ў падвал, дзе даводзілася часцяком і начаваць.



Віця і Вера змяшчаліся ў сацыяльны прытулак, бацькі абяцалі выправіцца. Аднак да гэтай справы не дайшло – судом пазбаўлены бацькоўскіх правоў, а дзеці пасля прытулку накіраваны ў  дзіцячы дом г. Рэчыцы. Да гэтага часу яны не могуць выкрасліць са сваёй памяці негатыўныя моманты, і калі прыязджае праведаць іх маці, пытаюцца пра паводзіны бацькі. Выхавальнікам установы маці паведаміла, што падала на развод і зробіць усё, каб вярнуць дзяцей.
Прыведзены прыклад – не адзінкавы выпадак. Ды  і не кожны сямейны канфлікт трапляе ў поле зроку грамадскасці. Таму кантроль за неспрыяльнымі сем’ямі вядзецца пастаянна.



Для мінімізацыі цяжкіх вынікаў бытавога насілля, а таксама прыцягнення шырокіх слаёў насельніцтва ў вырашэнне гэтай праблемы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з 22 лістапада па 6 снежня праводзіла прафілактычную акцыю «Дом без насілля», у ходзе якой супрацоўнікі РАУС  камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх сумесна з прадстаўнікамі зацікаўленых служб і ведамстваў выступалі ва ўстановах адукацыі і працоўных калектывах, наведвалі сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Да ведама ахвяр  сямейнага насілля даводзіцца, што не трэба цярпець, а неабходна ведаць свае правы і змагацца за сябе, за сваю сям’ю. Хацелася б толькі, каб прафілактыка асацыяльных паводзін грамадзян у сферы сямейна-бытавых адносін прыносіла станоўчы вынік.


 


Д. КАЎРОЎ, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *