Ад цеплатэхніка да намесніка начальніка Хойніцкага РЭС – такі працоўны шлях жыхаркі горада Хойнікі Клары Аляксандраўны Мартыненка.
Доўгі час яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але не забываюць аб ёй на былым месцы працы: віншуюць са святамі, наведваюць, дапамагаюць, калі патрэбна. Пакуль едзем са старшынёй цэхавага прафкама Хойніцкага РЭС А.У. Сапожнікавым да Клары Аляксандраўны віншаваць яе з набліжаючымся святам, абмяркоўваем калектыўны дагавор прадпрыемства, моцны бок якога – гарантыі для былых работнікаў, ветэранаў працы. Сёння не кожная арганізацыя можа пахваліцца тым, як яна клапоціцца аб сваіх ветэранах: адным не хапае сродкаў, іншым – часу.
Сустракае нас жанчына з радасцю, усміхаецца букету кветак і пагаджаецца расказаць пра свае былыя працоўныя будні. Аднак размаўлялі мы аб усім: і працы, і жыцці, і людзях.
Яна нарадзілася ў год, калі рэпрэсіравалі бацьку. Просты бухгалтар у ваенным гарадку ў Лельчыцах аднойчы паехаў і не вярнуўся. Потым, праз многа гадоў, сям’я, канешне, атрымала даведку, што ён рэабілітаваны пасмяротна за недаказанасцю віны. Аднак неадменны і незабыўны факт, што з той ночы многае змянілася: маці, настаўніцу пачатковых класаў, звольнілі з работы, Лельчыцы давялося пакінуць і паехаць на радзіму матулі ў Магілёўскую вобласць. Гора для дзіцяці – не ведаць свайго бацькі.
Там, на Магілёўшчыне, іх заспела вайна. «Я мала што памятаю. Так, асобныя фрагменты ўзгадваюцца: як у лесе жылі, як ад немцаў хаваліся, як пасля вызвалення вярталіся ў свае хаты, а там нямецкае адзенне яшчэ было. Пэўна, драпалі нават без парткоў», – дадае Клара Аляксандраўна.
Сваю спецыяльнасць дзяўчына выбрала, можна сказаць, выпадкова. Паехала паступаць у Мінск у політэхнічны інстытут, аднак не паступіла. «Ну не вяртацца ж дадому, – дзеліцца суразмоўца, – гэта было сорамна тады, не паступіць! Вось я і аднесла дакументы ў энергетычны тэхнікум, які быў якраз насупраць інстытута. Так і абрала сабе спецыяльнасць». Па заканчэнні тэхнікум накіраваў маладога спецыяліста на Жыткавіцкую электрастанцыю працаваць цеплатэхнікам. Праз 6 месяцаў у Гомелі, куды дзяўчына паехала, каб звольніцца, адбылася лёсавызначальная сустрэча. На галаўным прадпрыемстве яе сустрэў дырэктар Хойніцкай электрастанцыі В.Я. Шытман, і так прыгожа расказваў яб рабоце і горадзе, што Клара Аляксандраўна пагадзілася паехаць у Хойнікі. Так Хойніцкая электрастанцыя набыла сабе не толькі добрага спецыяліста, але і будучага рацыяналізатара, адукаванага кіраўніка.
Галоўны інжынер электрастанцыі, электраманцёр па абслугоўванню падстанцыі, тэхнік сеткавага ўчастка, дыспетчар, інжынер аператыўна-дыспетчарскай групы, намеснік начальніка Хойніцкага РЭС – на якой бы пасадзе ні працавала, на кожнай адзначалася стараннасцю, адказнасцю. Больш дзесятка яе рацыяналізатарскіх прапаноў гавораць аб многім.
«Цяжка было працаваць, – адзначае Клара Аляксандраўна, – тады, у канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў. Што ў нас было? Два лакамабілі магутнасцю 250 конскіх сіл. Палілі іх торфам, які самі ж і прывозілі. Так і асвятлялі горад. Як толькі цямнела, наступала гарачая пара: магутнасці былі малыя, а патрэбы вялікія, таму напружанне і падала. Крыху лягчэй стала, калі далі дызельны генератар. Паступова з’явіліся першыя падстанцыі каля сярэдняй школы № 1 і на плошчы Працы (зараз плошча Танкістаў). Пачалася электрыфікацыя саўгасаў і калгасаў. З драўляных апор пераходзілі на бетонныя, якія больш надзейныя і бяспечныя.
Папрацаваць давялося падчас аварыі на ЧАЭС: нашы работнікі выязджалі абясточваць падстанцыі ў адсяляемыя населеныя пункты. Усе стараліся, рабілі адну справу, ніхто не скардзіўся. Таму што калектыў быў з’яднаны».
На пытанне: «Як гэта жанчыне кіраваць мужчынскім калектывам?» мая суразмоўца з усмешкай адказала: «Значна лягчэй. І працаваць з мужчынамі прасцей, яны больш ветлівыя, слухаліся заўсёды, давалі парады і ніколі не падводзілі. Голас павышаць мне не даводзілася».
І пакуль я перабіраю Падзячныя лісты, Ганаровыя граматы, адна з якіх ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, чорна-белыя фотаздымкі, Клара Аляксандраўна ўзгадвае былых начальнікаў, былых калег, расказвае, як склаліся іх лёсы, пра працоўныя дынастыі, што ўтварыліся на прадпрыемстве, пра добрыя адносіны і дапамогу з боку цяперашняга начальніка А.В. Чэкана, пра падтрымку, што аказвае калектыў. Размаўляем, не заўважаючы, як ляціць час…
Тут, у Хойніках, сустрэла Клара Аляксандраўна свайго будучага мужа Эдуарда Міхайлавіча, выхавалі двух сыноў. Двое ўнукаў і ўнучка дарослыя, чацвёра праўнучак падрастае. Хоць рэдка, але наведваюць бабулю (жывуць у Расіі). А свой вольны час прысвячае Клара Аляксандраўна кнігам, зараз, напрыклад, перачытвае пра паходжанне Хаджы Насрэдзіна, абавязкова выпісвае раённую газету і «Аргументы і факты». Сачыла за спаборніцтвамі на Алімпіядзе. А па вясне будзе з суседкамі на лавачцы бавіць час, грэцца пад сонейкам, радавацца жыццю. І працягваць гаварыць сабе кожную раніцу: «Я самая прыгожая». І з гэтым нельга не пагадзіцца. Паглядзіце на фота, на ім далёка не 80-гадовая жанчына…
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.