Быццам цунамі


Спякота стаяла нясцерпная. Такая ўлетку рэдка здараецца. А мы, брыгада прарыву, якая складалася ў асноўным са спецыялістаў гаспадаркі, сабраліся бліжэй да вечара садзіць бульбу.

І раптам аднекуль збоку з-пад гарызонту пачала падымацца чорная, злавесная хмара. Ад яе веяла такой злосцю, што міжволі станавілася не па сабе. Усе, хто знаходзіўся на полі, застылі нерухома. Хмара шырылася і станавілася падобнай на велізарную марскую хвалю.

– Цунамі! – выдавіў нехта з жахам.

Хваля, здавалася, кацілася па гарызонту, падмінаючы пад сябе ўсё, што знаходзілася на яе шляху. Ні маланкі, ні грому не было. А потым хмара імгненна, як і з’явілася, знікла. Ніхто так і не зразумеў, што здарылася. Паволі пачалі збірацца да невялікай рачулкі, што працякала недалёка ад поля.    Пад’ехала машына, хуценька паселі ў кузаў і паехалі ў вёску.

Бульбу так і не пасадзілі ні ў той дзень, ні ў наступныя, бо  вёска Кажушкі трапіла пад адсяленне. А каму расціць ураджай на забруджанай радыяцыяй зямлі?

Нейкае насланнё працягвалася і дома. Зайшоўшы ў хату, кінуў позірк на перакідны каляндар, які вісеў насупраць уваходу на сцяне. Там  стаяла лічба 26. Красавік 1986 года. Чамусьці ўвесь ліст  календара бачыўся мне ў чырвоным колеры.

Напэўна, бывае такое ў дні вялікай народнай бяды.


А. КАРНІЦКІ, былы жыхар вёскі Кажушкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *