Атрымалі пашпарты

Образование Тэрыторыя моладзі

Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у раённым краязнаўчым музеі прайшло ўрачыстае мерапрыемства ў межах Усебеларускай акцыі БРСМ «Мы – грамадзяне Беларусі». 

Для 13 хойніцкіх школьнікаў гэты дзень пазначаны важнай падзеяй – 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты атрымалі пашпарты грамадзяніна Беларусі. Гэту ганаровую місію выканалі старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар і намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская. Акрамя новых дакументаў, рабяты атрымалі на памяць каляровае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь», дзе зразумелай мовай расказваецца пра асноўныя артыкулы Канстытуцыі, заканадаўчыя акты, а таксама сімвалічны сувенір- абярэг мясцовага вырабу.
Гэтую афіцыйную падзею ўпрыгожылі патрыятычнымі музычнымі выступленнямі артысты гарадской мастацкай самадзейнасці. Успамінамі пра атрыманне пашпарту падзяліліся ветэран працы В.І. Баранаў, старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС М.Л. Лебедзева-Грыгаровіч.
У Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам Гомельшчыны прайшло ў Дзень Канстытуцыі. У лік ганаровых атрымальнікаў дакументаў трапілі юныя хайнічане – навучэнцы гімназіі Данііл Бяляўскі і Раман Малаш. Уручыў пашпарты хойніцкім актывістам БРСМ першы сакратар Гомельскага абкама БРСМ Ігар Завалей (на здымку ўверсе).

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *