У нашай школе ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой Радзімы, адбылася сустрэча з чатырма жанчынамі, якія абралі надзвычай складаную прафесію механізатара і ўсё сваё жыццё прысвяцілі самаадданай працы на зямлі.
У кожнай з іх свая гісторыя, свой лёс, але іх аб’ядноўвае велізарная любоў да працы, да тэхнікі, да блізкага сэрцу саўгаса «Судкова», бязмежная павага да выдатнага былога дырэктара Мікалая Іванавіча Садчанкі. Ён, былы старшыня Хойніцкага райвыканкама, таксама стаў ганаровым госцем мерапрыемства.
Гаворачы аб рабоце механізатара, адразу ўяўляеш бязмежныя палі, жалезных коней і чалавека, што з раніцы да вечара шчыруе там. Механізатар – галоўны працаўнік палеткаў, а калі механізатар яшчэ і жанчына, то гэтая праца ганаровая ўдвая.
Краўчанка Кацярына Пятроўна нарадзілася ў 1941 годзе ў простай сялянскай сям’і ў в.Уласы. У 1962 годзе скончыла 7 класаў і ў 15-гадовым узросце стала працаваць звеннявой. У гэтым жа годзе паступіла вучыцца ў Рудакоўскае вучылішча № 30 на трактарыста-машыніста. З таго дня і пачалася яе працоўная дзейнасць у калгасе «Новая зара». У 1975 годзе ёй было прысвоена званне лепшага механізатара Хойніцкага раёна, а ў 1976 годзе яна атрымала самы дарагі і значны прыз – Пашы Ангелінай!
Гэта быў самы радасны дзень для Кацярыны Пятроўны, яна ўспамінае яго з трапятаннем і вялікім задавальненнем. Нельга апісаць тое пачуццё, якое яна, звычайная вясковая жанчына, адчувала, калі ехала на ўручэнне ў Маскву, у Крэмль.
Кацярына Пятроўна адпрацавала механізатарам больш за трыццаць гадоў і ні разу не пашкадавала аб абранай прафесіі. «Калі б адгарнуць час назад, то я б без роздуму зноў села на трактар», – кажа жанчына.
Левянкова Таццяна Васільеўна нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў 1941 годзе ў в. Казялужжа. Скончыла сямігадовую школу і адразу пачала сваю працоўную дзейнасць даяркай. У 1961 годзе ў ліку двухсот прадстаўнікоў Гомельскай вобласці паехала ўздымаць цаліну ў Казахстан, дзе і прайшла навучанне на трактарыста-машыніста. З 1969 года працавала трактарыстам у саўгасе «Судкова».
Завіхалася з раніцы і да позняга вечара. Дзяцей гадавала і ўсё паспявала, нават у мастацкую самадзейнасць хадзіла. І ў хоры спявала, і ў тэатральных пастаноўках удзельнічала. У 2019 годзе саўгасу «Судкова» споўніцца 100 гадоў з дня яго заснавання. Вось і марыць Таццяна Васільеўна сабраць хор ветэранаў працы і праспяваць песню пра родную гаспадарку, якую спявалі ў 80-х.
Для Алены Дзмітрыеўны Палівач, ураджэнкі вёскі Вязок Брагінскага раёна, зямля, праца, трактар неабходныя, як паветра. Нарадзілася 19 жніўня 1940 года. У 1955 годзе стала выпускніцай Астраглядскай сямігадовай школы і пачала дапамагаць маці, якая працавала даяркай. У 1972 годзе скончыла курсы ў «Сельгастэхніцы», дзе і атрымала пасведчанне трактарыста. І пасля пятнаццаць гадоў адпрацавала на гэтым відзе транспарту.
«Цяжка жылося, маці побач не было, – расказвае Алена Дзмітрыеўна, – гадавала васьмярых дзяцей, але ніколі не пашкадавала, што выбрала прафесію трактарыста. Галоўнае – добрасумленна працаваць, любіць родную зямельку, любіць свой край. Сельская праца вельмі цяжкая, але яна заўсёды ў пашане, бо яна – апора ўсяму. Сваёй працай механізатары даюць хлеб на стол».
25 гадоў Алена Віктараўна Волкава працуе механізатарам. Нарадзілася ў 1966 годзе ў Ленінградскай вобласці. З дзяцінства любіла тэхніку і марыла стаць шафёрам. Бацькі не пярэчылі ёй. У 1984-м ажыццявілася мара Алены, яна атрымала пасведчанне трактарыста і стала працаваць на Т-16. У 1993 годзе пераехала жыць у Судкова. Мікалай Іванавіч Садчанка прапанаваў ёй працу на трактары. Згадзілася – і больш не мяняла прафесію.
Алена Віктараўна не ўяўляе сваё жыццё без трактара. «Цяпер тэхніка добрая, толькі працуй», – гаворыць яна. У 2004 годзе ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ёй уручылі трактар з надпісам «Жанчыны зямлі беларускай». Гэта быў дарагі падарунак, яна на ім трынаццаць гадоў адпрацавала. Летась руплівай жанчыне далі новы трактар, вось і плануе Алена Віктараўна яшчэ гадоў 15 круціць яго баранку. Па выніках 2015 года ў намінацыі «Адкрыццё» ёй было прысвоена званне «Чалавек года» Гомельскай вобласці. І гэта толькі невялікі пералік заслуг нашай «палявой зоркі».
Вось з каго трэба браць прыклад падрастаючаму пакаленню, вось у каго трэба вучыцца, як працаваць. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы. Вучні нашай школы падарылі ганаровым гасцям свае вершы і песні, паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі, падзяліліся планамі на будучыню. Акрамя таго, былі ўручаны падарункі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», адміністрацыі КСУП «Судкова», Судкоўскага сельскага выканаўчага камітэта. У заканчэнне сустрэчы са словамі падзякі да жанчын выступіў Мікалай Іванавіч Сачанка.
Л. КОЎЗІК, дырэктар Судкоўскай школы.