Якія Вашы сакрэты паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання?

Образование Тэрыторыя моладзі

У Беларусі ў сакавіку-красавіку праходзіць трэці заключны этап рэпетыцыйнага тэсціравання. У нашым раёне на яго запісалася больш за 160 чалавек: напрыклад, на рускую мову – 83, беларускую – 60, а вось на геаграфію і на французскую мову ніхто не пажадаў запісацца. 

Мы спыталі ў цяперашніх студэнтаў, выпускнікоў школ нашага раёна, якія высока здалі цэнтралізаванае тэсціраванне, Якія Вашы сакрэты паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання?

Дар’я Жаўняк, БДЭУ, спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне»:
– Не прапусціла ніводнага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання, бо заданні былі практычна аналагічныя цэнтралізаванаму, што дало магчымасць ацаніць уласныя сілы, знайсці слабыя бакі ў ведах і больш паспяхова падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Дарэчы, на рэпетыцыйным і цэнтралізаваным тэсціраванні я набрала фактычна аднолькавую колькасць балаў. Будучым абітурыентам раю быць маральна ўстойлівымі, старанна працаваць над кожнай тэмай прадмета, трэба чытаць як мага больш вучэбнай літаратуры, у дзень старацца праходзіць хаця б адзін тэст.

Дзмітрый Чэркас, БДУ, спецыяльнасць «правазнаўства»:
– На працягу ўсяго навучальнага года я актыўна займаўся з настаўнікамі СШ № 1 г. Хойнікі, рэпетытарамі, яны мяне накіроўвалі ў патрэбнае рэчышча, падтрымлівалі псіхалагічна. Шмат часу аддаў самастойнай працы. Усім рэкамендую праходзіць пробнае тэсціраванне, таму што гэта нядрэнная практыка патрэніравацца над запаўненнем бланкаў. Кожны абітурыент пры падрыхтоўцы да ЦТ павінен быць максімальна цярплівым, не ленавацца, а разумець, што чым больш часу патраціш пры падрыхтоўцы, тым больш удалы будзе вынік пры паступленні.

Наталля Бурак, ГДУ імя Ф. Скарыны, спецыяльнасць «правазнаўства»:
– Выдатна, што ў гэтым годзе з’явілася дыстанцыйная здача тэсціравання. Шкада, што раней такога не было. Што тычыцца маёй падрыхтоўкі да іспытаў, то яна праходзіла ў хуткім тэмпе, амаль кожны дзень я займалася самастойна, вывучаючы пэўныя тэмы з розных крыніц. Каласальная праца была праведзена з настаўнікамі Судкоўскай СШ. Галоўная парада будучым абітурыентам – пачынаць актыўна рыхтавацца загадзя. Трэба вылічыць свае мінусы ў якіх-небудзь тэмах, каб ведаць, над чым трэба працаваць плённа.

Апытвала Вікторыя Мароз.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *