Напярэдадні прафесійнага свята аб дасягненнях, задачах і праблемах калектыву расказаў начальнік раёна электрычных сетак В.Ф. Бандарэнка.
Людзі не абдзелены ўвагай з боку кіраўніцтва. Нягледзячы на ўзмоцнены рэжым эканоміі газу, вады, у нас працуюць душавыя, закончыўся рамонт бытавых памяшканняў. Удалося сур’ёзна абнавіць рамонтныя боксы, часткова замянілі аўтапарк.
Я гаварыў ужо, што адна са складаемых нашай паспяховай работы – гэта прафесіяналізм. Пагэтаму заахвочваем імкненне людзей да павышэння свайго прафесіянальнага майстэрства.
Хачу адзначыць, што акрамя ведаў, на многіх участках у нас патрабуюцца яшчэ фізічная стойкасць і вынослівасць. Электраманцёрам, ухіляючым аварыйныя адключэнні, якія здараюцца, як правіла, у выніку нейкіх экстрэмальных з’яў, часта даводзіцца працаваць у вельмі складаных умовах. Асобна ў гэтай сувязі хацелася б некалькі слоў сказаць аб нашых дыспетчарах, бо на іх плечы кладзецца часта асноўная нагрузка па арганізацыі аварыйна-ўзнаўляльных работ, словам, адказваць за самае каштоўнае – здароўе людзей. Усе гэтыя якасці датычаць дыспетчара Алега Чэкана. Прыемна чуць словы ўдзячнасці ад старшынь сельскіх Саветаў у адрас Паўла Багана, чыя брыгада займаецца ўстаноўкай і рамонтам вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах. А яшчэ больш прыемна пачуць добрыя водгукі вышэйстаячага кіраўніцтва аб дакладнай арганізацыі працы брыгадай хойніцкіх электраманцёраў пры ліквідацыі летам наступстваў непагадзі ў нашым раёне.
Мы закліканы, у першую чаргу, падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане 526 км высакавольтных ліній і 588 км ліній 0,4 кВ, а таксама 30 трансфарматарных падстанцый. З гэтай мэтай кожны год капітальна рамантуем да 70 км 10-кілавольтных ліній, 60 км – ліній 0,4 кВ, мяняем да 10 падстанцый на новыя, больш эфектыўныя, мадэрнізуем лініі электраперадачы з заменай голых правадоў на ізаляваныя, у тым ліку і на высакавольтных лініях.
Напэўна, самая галоўная асаблівасць нашай дзейнасці – гэта павышаныя патрабаванні да якасці выконваемых работ. Такія патрабаванні прад’яўляюцца да ўтрымання лясных прасек, па якіх праходзяць лініі электраперадачы, з мэтай забеспячэння іх высокай надзейнасці ва ўмовах прыродных катаклізмаў. Цяпер у расчыстцы прасек задзейнічаны работнікі ўсіх служб. А ў цэлым, калектыў раёна электрычных сетак са сваімі задачамі сёлета справіўся, і мы поўныя рашучасці паспяхова рэалізоўваць намечаныя рубяжы на перспектыву.
Хачу пажадаць усім працаўнікам нашага калектыву ў сувязі з прафесійным святам здароўя, сямейнага дабрабыту, далейшых поспехаў у агульнай справе.
Запісала Клаўдзія МІКАЛАЕВА.