Не да ўсяго даходзяць рукі

Сельское хозяйство

У наш час на палях раёна працуе самая сучасная тэхніка – аснашчаныя камп’ютэрамі айчынныя і імпартныя сеялкі, абаротныя плугі, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны з шыроказахопнымі жняяркамі, магутныя энерганасычаныя трактары.



Па заканчэнні сезона палявых работ усе камбайны і глебаапрацоўчая тэхніка павінны быць пастаўлены на зімовае захоўванне ў адпаведнасці з дзеючымі дзяржаўнымі стандартамі і тэхнічнымі рэгламентамі. Для кантролю пастаноўкі тэхнікі і ўмоў яе зімовага захоўвання адпаведным рашэннем раённага выканаўчага камітэта была створана спецыяльная група, члены якой разам з начальнікам інспекцыі Дзяржтэхнагляду Гомельскага аблсельгасхарчу А.М. Андрэйкаўцом і начальнікам аддзела ААТ «Гомельаблаграсервіс» В.С. Бярнадскім  нядаўна пабывалі на мехдварах гаспадарак раёна.



У цэлым паездка пакінула станоўчыя ўражанні, аднак у ходзе праверак выяўлены і недахопы, над ухіленнем якіх неабходна папрацаваць кіраўнікам і інжынерным службам сельгаспрадпрыемстваў.



Так, у агракамбінаце «Віць» па-ранейшаму не адрамантаваны павеці для захоўвання сельгасмашын, не выгараджана пляцоўка для разборкі спісанай тэхнікі. А на пастаўленым на захоўванне культыватары АКШ-7,2 не пафарбаваны рабочыя органы.



У афарбоўцы маюць патрэбу і жняяркі збожжаўборачных камбайнаў, якія захоўваюцца на мехдвары КСУП імя Мележа. Тут жа не даачышчаны і не пастаўлены на зімовае захоўванне ў адпаведнасці з ДАСТам збожжаўборачны камбайн КЗС-7.



Тое ж самае неабходна зрабіць і на збожжаўборачным камбайне КЗС-10 у КСУП «Веляцін». І тут не даачышчаны і не пафарбаваны рабочыя органы касілкі КПР-9 і культыватара АКШ-7,2.



У ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» патрэбна ачысціць, пафарбаваць і паставіць на захоўванне ў адпаведнасці з ДАСТам капалку КСН-6.
У сельгаспрадпрыемстве «Аравічы» не пафарбавана касілка КПР-9, а ў збожжаўборачных камбайнах неабходна закрыць ахоўнай плёнкай рабочыя штокі гідрацыліндраў.
Не абсталявана пляцоўка для складзіравання выкарыстаных шын у сельгаспрадпрыемстве «Судкова», неачышчаным і непафарбаваным стаіць прэс-падборшчык ПРФ-180, не ачышчаны і не пастаўлены на зімовае захоўванне ў адпаведнасці з ДАСТам збожжаўборачны камбайн КЗС-7.



У эксперыментальнай базе «Стралічава» не ўстаноўлены рухавік на збожжаўборачным камбайне КЗС-7, адсутнічае тут і пляцоўка для складзіравання выкарыстаных шын.
Быццам бы ўсё зроблена ў адпаведнасці з патрабаваннямі ў сельгаспрадпрыемстве «Велікаборскі». Аднак усе ўражанні псуе неабкошаная пляцоўка для захоўвання металалому.


 


А. КАЛЫХАН, галоўны інжынер райсельгасхарчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *