З надзеяй на юную змену


19 снежня ў Гомельскім аблвыканкаме ўдзел у прэс-канферэнцыі губернатара Гомельскай вобласці У.А. Дворніка прадстаўнікам рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі прынялі галоўны рэдактар раённай газеты «Хойніцкія навіны» Ірына Лукашэнка і юны карэспандэнт Алеся Дашук – вучаніца 11 класа СШ № 1 г. Хойнікі.



Пытанні старшыні аблвыканкама адрасавалі юныя карэспандэнты ў рамках абазначанай тэмы – «Гомельская вобласць: ганарымся сённяшнім, будуем будучае». Прапануем некаторыя з іх увазе чытачоў.



– Якія спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў наступным годзе?
– Можна смела сказаць, што тры чвэрці з іх – рабочыя прафесіі. Дыяпазон іх вялікі, але ў першую чаргу – кадры для будаўнічай галіны.
– Што плануецца зрабіць для  развіцця ўстаноў культуры на вёсцы?
– У гэтым плане многае робіцца, але з улікам таго факту, што многія сельскія населеныя пункты з’яўляюцца неперспектыўнымі. Праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры. Навошта затрачваць грошы на ацяпленне будынкаў, зарплату работнікам, паслугамі якіх карыстаюцца людзі зрэдку або некалькі чалавек? Таму прадугледжваецца фарміраванне мабільнай сеткі па культурнаму абслугоўванню маланаселеных пунктаў. Маюцца на ўвазе аўтаклубы, бібліобусы, перасоўныя кінавідэаустаноўкі.
Трэба памяняць адносіны да заробленых грошай і ўкладваць іх з розумам. Лепш аснасціць у матэрыяльным плане сельскія дамы культуры, дзе запатрабаваныя паслугі, устанавіць камп’ютэры для выхаду ў Інтэрнэт, прадугледзець мерапрыемствы па недапушчэнню ўзгаранняў. На развіццё ўстаноў культуры ў будучым годзе плануецца выдзеліць з бюджэту больш за 2 мільярды рублёў.



– Якія меры прадугледжваюцца для павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка?
– Тут магу адно сказаць: больш усяго сродкаў у сацыяльнай сферы ўкладваецца менавіта ў галіну адукацыі. Пры выкананні бюджэту гэта тэндэнцыя захаваецца.
– Ці магчыма выдаваць пісьмы-рэкамендацыі пры накіраванні на працу маладых спецыялістаў, праявіўшых сябе з лепшага боку ў час вучобы?
– Нам дарагі кожны малады спецыяліст. Бо, як і раней, у сіле лозунг «Кадры вырашаюць усё». Я дам даручэнне прапрацаваць пытанне наконт таго, як склаўся лёс тых, хто закончыў за некалькі апошніх год ВНУ з чырвоным дыпломам, хто ўзнагароджваўся аблвыканкамам за праяўлены талент, пераможцаў алімпіяднага руху. Мы прааналізуем гэта пытанне і падумаем, як такую перспектыўную моладзь павесці далей, каб свае веды яна прымяняла на карысць развіцця нашага рэгіёна.
– Ці плануецца будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў?
– Я не буду пералічваць усё, што зроблена ў гэтым плане. Паверце, пералік будзе вялікі. Нам бы закончыць перш-наперш усё пачатае. Ды і пабудаваць – гэта адно, галоўнае – утрыманне такіх аб’ектаў.



У вобласці больш за 250 тысяч чалавек займаюцца спортам, з іх 40 тысяч – моладзь. У гэтай сувязі адзначу, як сведчаць лічбы, наяўнасць сучаснага спартыўнага аб’екта зусім не з’яўляецца гарантыяй дасягнення перамог. Больш за 80% спартсменаў з нашай вобласці, якія дабіліся высокіх вынікаў на спартыўных арэнах, – выхадцы як раз-такі з сельскай мясцовасці. Выходзіць, галоўнае тут не аб’ект, а ўласнае жаданне, імкненне гартаваць цела.
– Якому віду спорту Вы, Уладзімір Андрэевіч, аддаеце перавагу?
– Я паклоннік футбола і хакея. Праўда, цяпер на гэта часу не хапае.
– Вы, Уладзімір Андрэевіч, ніколі не шкадавалі, што калісьці выбралі сельскагаспадарчую прафесію?
– Не, такой думкі ў мяне ніколі не ўзнікала. Бо я дакладна ўсведамляю, што толькі паступова рухаючыся наперад, можна дабіцца станоўчых вынікаў. Лягчэй кіраваць, калі ведаеш вытокі, вытворчасць. Мне гэта ўдалося добра-такі ўсвядоміць за 13 гадоў, калі ўзначальваў буйное сельгаспрадпрыемства ў Мазырскім раёне, якое і цяпер спецыялізуецца не толькі на атрыманні прадукцыі, але і на яе перапрацоўцы. Я гавару пра саўгас-камбінат «Зара».  


– У школьнікаў, студэнтаў ёсць жаданне ў летні час папрацаваць, але не ўсім прадастаўляецца такая магчымасць.
– Нядаўна Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка на з’ездзе БРСМ у Мінску акрэсліў задачу ўраду дзяржавы  – прадаставіць моладзі магчымасць зарабіць грошы, стварыць для яе неабходную колькасць нармальных працоўных месцаў у летні час. У нашай вобласці  ў будучым годзе іх будзе створана прыкладна 10 тысяч. Мы размяркуем гэту лічбу і давядзём па раёнах. Я ўпэўнены, што мы выканаем гэта даручэнне кіраўніка дзяржавы.
– Уладзімір Андрэевіч, раскажыце пра сваю сям’ю.



– Скажу коратка, што жанаты, маю дарослага сына, якія пасля атрымання вышэйшай адукацыі, працуе ў саўгасе-камбінаце «Зара» г. Мазыра. Пахвалюся яшчэ адной радасцю ў жыцці – унучкай, якой 17 студзеня 2012 года споўніцца адзін годзік.



Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *