Сёння матэрыяльна-тэхнічная база сельгасвытворчасці дазваляе гаспадаркам стабільна дабівацца высокіх ураджаяў у раслінаводстве і дасягаць выдатных вынікаў у жывёлагадоўчай галіне. Усё гэта было б немагчымым без выкарыстання сучаснай тэхнікі, прымянення навейшых і эфектыўных сродкаў аховы раслін, барацьбы са шкоднікамі і ўзбуджальнікамі хвароб, без унясення ў глебу высакаякасных мінеральных угнаенняў.
Ясна, што яны абыходзяцца сельгаспрадпрыемствам у добрую капейку. Таму незразумелай з’яўляецца лёгкадумнасць, з якой ставяцца да захаванасці дзяржмаёмасці кіраўнікі і галоўныя спецыялісты некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Слова – начальніку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргею Анатольевічу БАРЫСЕНКУ.
– Ушчыльную заняцца гэтай праблемай мы вырашылі пасля аналізу статыстыкі маёмасных злачынстваў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу. Калі раней выпадкі крадзяжоў з мехдвароў, жывёлагадоўчых і складскіх памяшканняў сельгаспрадпрыемстваў мелі адзінкавы і выпадковы характар, то ў мінулым годзе яны набылі сістэмны характар. Напрыклад, калі за 2010 год намі зарэгістраваны толькі 3 выпадкі крадзяжоў, здзейсненых у сельгаспрадпрыемствах раёна, то ў мінулым годзе іх было ўжо 9.
Асноўныя прычыны такога росту – неналежныя ўмовы захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі і маёмасці, адсутнасць кантролю за нясеннем вартавой службы. Гэтыя высновы поўнасцю пацвердзілі вынікі праверак, праведзеных супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў. Усяго за 2011 год намі была праведзена 231 праверка аховы аб’ектаў АПК. У час іх правядзення на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення знаходзілася 36 вартаўнікоў. А многіх з тых, што былі цвярозымі, давялося шукаць, як кажуць, «з ліхтарыкамі» – і то знайсці можна было не ўсіх.
Напрыклад, на мехдвары КСУП «Судкова» ў Казялужжы ў час праверкі вартаўніка нашы супрацоўнікі так і не знайшлі. Хаця пасярод двара стаялі новенькія МАЗы, а ў адным з іх нават ключ у сістэме запальвання тырчаў. Колькі ні сігналілі тым МАЗам (ледзьве не паўвёскі разбудзілі) – а вартаўнік так і не з’явіўся. Чаго вартая такая «варта» – заводзь рухавік, грузі ў кузаў што хочаш, і едзь, не спяшаючыся, са двара…
П’янства і адсутнасць на рабочым месцы – самыя частыя і грубыя парушэнні з боку вартаўнікоў. Яны зафіксіраваны ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, а ў «Судкове» – больш за астатніх. Асобна хацелася сказаць аб захоўванні ўгнаенняў і ядахімікатаў. Часцяком гэтыя дорагакаштуючыя матэрыялы ляжаць пад адкрытым небам, даступныя ўсім дажджам, вятрам і нячыстым на руку людзям. А на збудаванні для іх захоўвання ў «Судкове» і «Велікаборскім» без жалю і глядзець нельга – без дзвярэй, з дзіравымі дахамі і сценамі – хіба ж так дбайны гаспадар захоўвае сваю маёмасць?
Здзіўляюць і спасылкі на цяжкі фінансавы стан гаспадарак. Якія такія «вялікія» затраты патрэбны для наладжвання дзейснага кантролю нясення вартавой службы з боку кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак? Якія расходы пацягнуць рэгулярныя праверкі работы вартаўнікоў, рамонтнікаў і механізатараў, жывёлаводаў у вячэрні час? Калі б так было на самай справе, можа б не давялося нашым супрацоўнікам вышукваць трох кароў з КСУП «Аравічы» (украдзеныя рагулі, дарэчы, знойдзены, а вінаватыя ў іх крадзяжы панеслі заслужанае пакаранне), альбо заводзіць справы па фактах крадзяжоў металаў са спіртзавода ў «Стралічаве», аўтамабільных фар, сігнальных маякоў і люстэрак з аўтатранспартных сродкаў у «Велеціне».
Насцярожвае і пазіцыя некаторых кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, якія не рэагуюць, або рэагуюць чыста фармальна на накіраваныя намі прадстаўленні па ўхіленню прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў. За падобныя дзеянні былі складзены адміністрацыйныя пратаколы на былога кіраўніка КСУП «Велікаборскі» і інспектара па кадрах КСУП «Судкова».
Тым не менш, прадпрынятыя намі меры паступова прыносяць свой плён: і ў канцы мінулага года, і ў пачатку гэтага парушэнняў у рабоце вартавой службы на аб’ектах АПК стала менш. Чакаем адэкватных мер у адказ у адносінах да парушальнікаў з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў АПК.
Запісаў Віктар Назаранка.