Вышывае іконы і радуецца кожнаму дню

Увлечения хойничан

Вышываныя работы хайнічаніна Віталія Ступакова знаходзяцца ў раённым краязнаўчым музеі на выстаўцы «Велікодны звон».

Усім нам жыццё пасылае выпрабаванні. У Віталія гэта здарылася пры з’яўленні на свет. Ён, нованароджаны, перажыў клінічную смерць. За жыццё такія страшныя хвіліны былі не аднойчы. З ранняга дзяцінства хлопчыку паставілі некалькі складаных дыягназаў. Гаварыць пра гэта Віталік не любіць, больш часу нашай гутаркі расказвае пра сваё сур’ёзнае захапленне – вышыванне.
Навучыўся гэтаму ў матулі. Сямігадовы хлопчык з цікавасцю назіраў, як яна вышывае дома. У той час Ларыса Аляксандраўна працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў і часта брала работу на дом. А пазней навучыўся і сын Віталій. Прычым хлопцу так спадабалася ствараць з ніцяных крыжыкаў вялікія яркія малюнкі, што некалькі гадоў запар на іншыя заняткі вольны час не траціў. Вынікам шматдзённых намаганняў сталі дзесяткі вышытых карцін рознай тэматыкі. Самую вялікую ўвагу хлопец надаваў стварэнню ікон.
Для іх вышывання, – расказвае Віталій, – трэба асаблівае натхненне. Такую карціну не сядзеш рабіць знянацку, варта злавіць настрой, сканцэнтравацца. Самае складанае тут – увасобіць эмоцыі, паказаць стан святога праз яго вочы. У час смутку ці дрэннага стану здароўя імкнуся перажыць цяжкасці сам-насам, бо ўпэўнены, што благія эмоцыі могуць дрэнна паўплываць на такі занятак.
Вышытыя работы Віталіка некалі былі на калядных выстаўках у Пакроўскай царкве. Там жа яны былі асвечаны. І пасля вышытыя карціны, у тым ліку з біблейскімі сюжэтамі, станавіліся часткай шматлікіх выставак. І на кожнай талент маладога даравання быў высока ацэнены.
Дарэчы, летась у Мінску ў парламенце з нагоды Дня інвалідаў працавала выстаўка, у яе ўвайшлі і адзінаццаць работ нашага земляка. Пейзажам з лебедзямі зацікавіўся адзін з наведвальнікаў. У хуткім часе ён знайшоў кантакты аўтара вышытай карціны, патэлефанаваў і папрасіў вышыць такую ж, але большага памеру. Гэта, бадай, адзіны выпадак, калі аўтар развітаўся са сваім творам. Астатнія карціны – толькі ў яго калекцыі. Майстар тлумачыць сваю пазіцыю проста: не хочацца аддаваць тое, чаму прысвяціў сілы і час. На стварэнне адной кампазіцыі ідзе ад двух тыдняў да нават некалькіх гадоў.
Па характару інтраверт, Віталік усё ж не пазбягае зносін. Каб разнастайна праводзіць час, ён наведвае ў Хойніках аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, а раней нават вёў аб’яднанне па інтарэсах у дзіцячай бібліятэцы.
У апошні час на першы план выходзяць іншыя хобі. Усур’ёз Віталік захоплены рознымі матэматычнымі вылічэннямі. Напрыклад, зацікавіўся мясцовай чыгуначнай лагістыкай. Ён стварае ўсе магчымыя варыянты маршрутаў з Хойнік да любога беларускага населенага пункта. Робіць ён гэта дзеля задавальнення ўласнага інтарэсу.

Ці, напрыклад, даведаўшыся аб плануемым перапісу насельніцтва краіны, заняўся пералікам жыхароў хойніцкіх вёсак і аналізам гэтай дынамікі.
Якія новыя інтарэсы з’явяцца ў Віталія, сёння цяжка сказаць. Але дакладна адно – вышываннем ён не перастане займацца. А, значыць, яшчэ будзе нагода расказаць пра гэта ў нашай газеце.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *