Беларусь турыстычная: Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць

Беларусь турыстычная

У Буда-Кашалёўскім раёне прайшоў абласны семінар на тэму асвятлення Года малой радзімы рэгіянальнымі СМІ. Там я ўбачыла шмат цікавага і спяшаюся падзяліцца ўражаннямі з вамі, паважаныя чытачы.

Чабатовічы
З 2015 года Чабатовіцкі цэнтр народнага побыту запрашае ўсіх жадаючых акунуцца ў аўтэнтычную атмасферу беларускай нацыянальнай культуры. За гэты непрацяглы перыяд цэнтр паспеў набыць папулярнасць не толькі сярод жыхароў Гомельшчыны, але і замежных турыстаў, бо паглядзець і здзівіцца тут сапраўды ёсць чаму. І што характэрна, практычна ўся экспазіцыя створана сіламі сям’і Шаўчэнка пры актыўным удзеле мясцовых жыхароў.
Чаго ў двары і ў гаспадарчых пабудовах толькі няма – ступы, гаршкі, павады, вяроўкі, кавальскія інструменты, кадкі, вазоны, каромысла, кошыкі. Усяго пералічыць проста немагчыма. І ў доме кожны кут – месца, якое захоўвае ў сабе памяць аб гісторыі і традыцыях вёскі, пра нешта вельмі асабістае і неверагодна дарагое. Сярод калаўротаў і «вышыванак» жыве душа простага беларускага вяскоўца. У пакоях можна ўбачыць, як у мінулым стагоддзі працавалі і адпачывалі, гадавалі дзяцей, за якой працай праводзілі доўгія зімовыя вечары. У спальным куце – некалькі дзясяткаў вышытых ручнікоў і тканых абрусаў.

У хаце вырабляюць лялькі-абярэгі. Без выкарыстання іголак і нажніц, толькі скручваючы ласкуты тканіны і выкарыстоўваючы нітку. У іх няма твару. Такая традыцыя пайшла з даўніх часоў: лічыцца, што ў безаблічную ляльку не змогуць усяліцца духі і яна будзе служыць свайму гаспадару надзейным абярэгам ад сурокаў і абароніць ад хвароб.
Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці арганізоўвае для закаханых на базе выставачнай экспазіцыі выязную рэгістрацыю шлюбу. Акрамя таго, наведвальнікаў частуюць хлебам, блінамі з печы і фірмовай гарбатай на травах.

Гусявіца
Раней бацькі перадавалі ручнікі дзецям як абярэг сям’і і сімвал працягу роду. У Буда-Кашалёўскім раёне саматканыя хатнія рэліквіі зноў у трэндзе, прычым народныя традыцыі тут адраджае моладзь. У вёсцы Гусявіца працуе цэнтр ткацтва. Сродкі на рэалізацыю ініцыятывы «Адродзім ручнік разам» прыцягваліся у тым ліку з-за мяжы (у рамках праекта ЕС ПРААН).

У выніку паўразбураны будынак ператварыўся ў магутны творчы і навучальны цэнтр, дзе дзяцей вучаць ткаць на аўтэнтычных станках. Ад жадаючых няма адбою – прыязджаюць нават з Расіі. У мінулым годзе тут правялі маштабны фестываль ручнікоў і сёлета плануюць падобнае мерапрыемства. Калі будзе магчымасць, наведайцеся сюды ў трэцюю суботу жніўня.
На працягу гэтага года ў кожным раёне нашай вобласці пройдзе конкурс «Брэнд раёна», дзе будуць прадстаўлены турыстычны і культурны патэнцыял, адроджаныя традыцыі і рамёствы, унікальная прадукцыя і многае іншае. Як вы лічыце, што можна стаць нашым брэндам?

Наталля ЧЭКАН.
Фота з Інтэрнэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *