Правесці сяўбу максімальна арганізавана і эфектыўна

Сельское хозяйство

Пасля надыходу доўгачаканага цяпла ў раёне актыўнымі тэмпамі пачаліся веснавыя палявыя работы. Аб асаблівасцях пасяўной і яе ходзе расказвае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ж.Я. Бажок.

– Жанна Яўгеньеўна, чым адрозніваецца веснавая пасяўная кампанія 2018 года ад папярэдніх?
– Як гэта часта бывала ў мінулыя гады, так і сёлета надвор’е ўнесла свае карэктывы. Мінулы сакавік атрымаўся багатым на снег і завеі, і нават скончыўся ён густым снегападам. З аднаго боку, гэта і нядрэнна – глеба перад пачаткам сяўбы сельскагаспадарчых культур атрымала неабходны запас вільгаці.
З другога, імклівы надыход цяпла скараціў тэрміны пасяўной (асабліва, ранніх збожжавых) і прымушае хлебаробаў правесці ўсе работы максімальна эфектыўна і арганізавана. Калі гаварыць аб канкрэтных датах пасяўной кампаніі, то пастаўлена задача ў самыя сціслыя тэрміны завяршыць сяўбу ранніх збожжавых культур і 16-18 красавіка прыступіць да сяўбы кукурузы.
– Калі гаспадаркі раёна прыступілі да пасяўных работ?
– Пасяўная кампанія – гэта не толькі непасрэдна сяўба, але і цэлы комплекс работ: падрыхтоўка глебы, унясенне ў яе мінеральных і арганічных угнаенняў. А таму тэхніка сельгаспрадпрыемстваў выходзіць на веснавое поле адразу пасля таго, як пачынае падсыхаць зямля. Тут трэба ўлічваць тое, што працэс гэты нераўнамерны – пагоркі падсы- хаюць хутчэй, у нізінах вада сыходзіць павольней.
Калі гаварыць канкрэтна, то можна сказаць так: падрыхтоўка глебы і ўнясенне мінеральных тукаў пад яравую сяўбу ў раёне пачаліся адразу, як толькі стан глебы і ўмовы надвор’я дазволілі гэта зрабіць. Сеялкі і пасяўныя агрэгаты вышлі на поле 9-10 красавіка.
Што датычыць арганікі, то яе вывазка на палі пачалася яшчэ з мінулай восені. Пад веснавую сяўбу яе запланавана ўнесці 273 тысячы тон, мяркую, што выніковыя лічбы будуць яшчэ большымі – штодзённа ў раёне ў глебу ўносіцца не менш чым 4 тысячы тон.
– А як у гаспадарках з мінеральнымі ўгнаеннямі?
– На сённяшні дзень забяспеча- насць імі складае каля 56%. Наяўнай колькасці павінна хапіць на сяўбу ранніх збожжавых культур. Але мінеральныя тукі працягваюць паступаць у сельгаспрадпрыемствы па чарнобыльскай праграме (у прыватнасці – калій і фосфар), набываюць іх гаспадаркі і за кошт крэдытных рэсурсаў.
Мяркую, што з мінеральнымі ўгнаеннямі праблем не ўзнікне і імі мы будзем забяспечаны як для веснавой сяўбы, так і для падкормкі азімых збожжавых і рапсу.
– Дарэчы, як яны перанеслі гэтую зіму?
– Па выніках апошніх даных, і азімыя збожжавыя культуры, і азімы рапс перазімавалі нармальна. Ёсць невялікія частковыя пашкоджанні пасеваў, але галоўнае тое, што не трэба перасяваць вялікія плошчы яравымі культурамі і несці дадатковыя расходы на гэтыя работы.
– Што можна сказаць наконт сяўбы кукурузы?
– Падрыхтоўку глебы да яе сяўбы вядзём паралельна з падрыхтоўкай глебы да сяўбы ранніх збожжавых культур. Зараз гаспадаркі актыўна набываюць насенне кукурузы айчыннай вытворчасці ў спецыялізаванай гаспадарцы «Крынічнае» Мазырскага раёна.
– У мінулыя гады працаўнікам сельскай гаспадаркі звычайна дапамагалі прадпрыемствы горада. Якой будзе гэтая дапамога сёлета?
– Яна ўжо аказваецца механізатарамі Хойніцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое нядаўна набыло ў лізінг 5 новых энерганасычаных трактараў МТЗ-3022 і МТЗ-3522. Гэтая тэхніка дадаткова занята на ворыве і падрыхтоўцы глебы: па аднаму трактару працуе ў сельгаспрадпрыемствах «Імя І.П.Мележа», «Аравічы», ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» і два – у эксбазе «Стралічава».
Акрамя таго, хацелася б адзна- чыць і адчувальную дапамогу сельскім працаўнікам з боку дзяржавы. Сёлета на рамонт і падрыхтоўку тэхнікі да веснавых палявых работ гаспадаркам нашага раёна з дзяржбюджэту было выдзелена 600 тысяч рублёў, што дазволіла ўступіць у пасяўную з аптымальнай гатоўнасцю трактараў і ўсёй глебаапрацоўчай тэхнікі.
– Якія гаспадаркі можна адзначыць на сяўбе са станоўчага боку?
– Найбольш арганізавана і актыўна вядуцца работы ў сельгаспрадпрыемствах «Судкова», «Стралічава», «Хойніцкі Аграсервіс». Тут і тэхніка падрыхтавана належным чынам, і ўгнаенні, і насенны фонд. Усё гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў аператыўных зводках райсельгасхарчу.
Большай разваротлівасці хацелася б бачыць у рабоце КСУП «Імя І.П. Мележа» і «Веляцін». Хаця і тут патрэбна ўлічваць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя фактары.

Павольна рухаюцца па полі каля Загальскай Слабодкі трактары МТЗ-3022 з сеялкамі АПП-6 вопытных сейбітаў з КСУП “Судкова” Юрыя Курыленкі і Дзмітрыя Мартыненкі. За плячыма механізатараў не адна пасяўная кампанія. І кожная з іх адметная якаснай сяўбой і добрасумленнай працай.

Віктар Назаранка.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *