Класіка пад дэпутацкім крылом

Образование

60 бібліятэк атрымаюць у падарунак ад дэпутатаў абласнога Савета 25-томныя выданні Уладзіміра Караткевіча.


Як адзначыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Марыя Бондар, кожны дэпутат абласнога Савета для адной з бібліятэк у сваёй выбарчай акрузе аформіць за асабісты кошт падпіску на 25 тамоў знакамітага беларускага класіка.


Менавіта народнымі выбраннікамі будзе ўнесена пачатковая плата за першы і апошні тамы – звыш 105 тысяч рублёў. Дарэчы, гэта ўжо зрабіла Марыя Андрэеўна, якая пералічыла сродкі на падпіску для Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.


Плануецца, што пры выданні 2-3 тамоў у год апошні выйдзе ў свет у 2020 годзе – да 90-годдзя нараджэння аўтара. Таму пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў цяперашняга склікання добры пачын падхопяць новыя выбраннікі, якія возьмуць на сябе далейшую аплату падпіскі. Такім чынам, дзякуючы народным выбраннікам, праз 8 гадоў на паліцах шасцідзесяці бібліятэк вобласці з’явіцца ўнікальны ў сваім родзе збор твораў нашага знакамітага пісьменніка – раманаў, апавяданняў, вершаў, казак і малюнкаў.


Акцыю «Падпіска на творы Караткевіча» абласны Савет дэпутатаў аб’явіў з мэтай павышэння ролі і значнасці кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, развіцця айчыннай літаратуры, забеспячэння дзяржаўнай падтрымкі і нацыянальнага кнігавыдавецтва. Як вядома, Указам Прэзідэнта Беларусі 2012 год абвешчаны Годам кнігі.


 Валянціна Шлыкава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *