Увага – таленавітай моладзі

Культура Рэха падзеі Тэрыторыя моладзі

У Велікаборскім Цэнтры вольнага часу прайшла ХХХІІ Міжнародная сацыяльна-творчая праграма «У будучыню – з надзеяй».

Традыцыйныя дабрачынныя мерапрыемствы праекта, арганізатарамі якога выступаюць Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь, Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міру» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і раённых выканаўчых камітэтаў, праходзяць у раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Па склаўшайся добрай традыцыі канцэрты арганізуюць ва ўстановах культуры аграгарадкоў. Сёлета гасцей прымалі велікаборцы.

У гэтым годзе ў творчай праграме прынялі ўдзел артыст эстраднага вакалу Дзмітрый Шуканаў, які ў шэсць гадоў дэбютаваў у праграме на сцэне Лельчыцкага Дома культуры, парадыст і вакаліст Генадзь Санько, а завяршыўся канцэрт яркімі і незабыўнымі выступленнямі артыстаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята».

Вяла праграму нязменны каардынатар праекта Кацярына Іванаўна Копелева. Падчас канцэрта яна неаднаразова звярталася да прысутных, распавядаючы пра сам праект, пра яго ўдзельнікаў, пра тое, дзе ім давялося пабываць у апошні час. Яна дзякавала прысутным за сардэчны прыём, за ўвагу, якая надаецца таленавітай моладзі і дастойны ўклад у стварэнне будучыні нашай краіны.

Разам з прафесійнымі артыстамі на сцэне выступілі таленавітыя рабяты: хайнічане Кірыл Голаў, Вераніка Махнавец, Паліна Шчасновіч, Паліна Лобан, Ангеліна Нажыга, салісткі ўзорнага ансамбля «Верасок» дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Шпарун, Злата Сырапарава і Елізавета Сцешыц, ураджэнкі аграгарадка Вялікі Бор Аляксандра Іванюценка і Вікторыя Харошка. Дарослых артыстаў шчодра ўзнагародзілі доўгімі і гучнымі авацыямі, а юныя хойніцкія таленты адзначаны падарункамі за ўдзел у рэспубліканскай акцыі. Нашым маладым вакалістам Кірылу Голаву, Ангеліне Нажыга, Вераніцы Махнавец, Аляксандры Іванюценка, Вікторыі Харошка выпаў гонар удзельнічаць у фінале праграммы, які пройдзе 16 мая ў Мінску.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *