У сямейнай біяграфіі мужа і жонкі Пабядзінскіх з вёскі Храпкаў – незлічоная колькасць эпізодаў, напоўненых радасцю і засмучэннямі, перамогамі і выпрабаваннямі. Але і сёння гэтая пара па-добраму здольна ўражваць родных, блізкіх знаёмых, ды і проста іншых людзей, якія прыходзяць ва ўтульны, цёплы, напоўнены станоўчай энергетыкай дом па вуліцы Будаўнічай аграгарадка, запалам Соф’і Адамаўны і мудрасцю Станіслава Сцяпанавіча. 50 гадоў гэтая сям’я трымае жыццёвы экзамен і ўрокі сямейнага шчасця вывучыла на выдатна.
Літаральна на сваіх плячах прынеслі Пабядзінскія кожнае бярвенца для сямейнага ачага, расшыраючы тэрыторыю бацькоўскага дома жаніха. Фундамент, сцены, вокны, падлога – усё было створана ўласнымі рукамі. Яшчэ большай радасцю напоўніліся сэрцы закаханых, калі ў 1964 годзе з’явілася дачка Алена, а праз 4 гады сын Генадзій, якім бацькі аддалі ўсю сваю пяшчоту. І з самага дзяцінства выхоўвалі ў іх любоў да працы, сумленнасць і прыстойнасць. Добрым падспор’ем была дамашняя гаспадарка: каровы, парасяты, куры, гусі, трымалі трусянят, вырошчвалі садавіну і агародніну.
Бяда ўварвалася нечакана – будучы другакласнікам сын Генадзій, гуляючы на вуліцы, атрымаў паражэнне электратокам. Каб захаваць жыццё, урачы ампутавалі правую руку хлопчыка, у абласной бальніцы з ім знаходзілася маці больш за 6 месяцаў. Гэтае жыццёвае выпрабаванне яшчэ больш з’яднала маладую сям’ю.
Нягледзячы на стан здароўя, Генадзій змог вывучыцца ў Мінску на фінансіста, жыве са сваёй сям’ёй у Гомелі, сам водзіць машыну, выконвае ўсю работу па дому. Дачка Алена закончыла ў сталіцы Беларусі політэхнічны інстытут, зараз працуе генеральным дырэктарам ЗАТ «Гідрапрывад» у расійскім горадзе Каранёўск. Адсюль, з Краснадарскага краю, яна прыязджала на залатое вяселле сваіх бацькоў з дачкой Наталляй і сястрой маці Анастасіяй Адамаўнай.
Дзеці Пабядзінскіх па праву ганарацца сваімі бацькамі. На педагагічнай ніве раёна Станіслаў Сцяпанавіч адпрацаваў 45 гадоў, бухгалтарскім работнікам была Соф’я Адамаўна.
У суботу, 21 студзеня, у Доме абрадаў райцэнтра адзна-чалася залатое вяселле пары Пабядзінскіх. Урачыстую цырымонію правяла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама А.М. Дземідзенка. Прыві-тальны адрас ад старшыні райвыканкама А.І. Цітка зачытала ўпраўляючая справамі райвыканкама Т.А. Протчанка, падарункі ўручылі загадчыца РМК аддзела адукацыі Р.Я. Кажамякіна і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н.А. Слесарэнка, музычныя віншаванні перадалі работнікі культуры. Залатыя «маладажоны» абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі, станцавалі вальс. Свята працягвалася ў коле родных блізкіх людзей у кафэ «Сустрэча», дзе неаднаразова гучала «Горка!», а тамадой была ўнучка Наталля.
Сёння Станіслаў Сцяпанавіч і Соф’я Адамаўна не думаюць аб старасці, кажуць, што трэба проста жыць і з удзячнасцю прымаць кожны наступіўшы дзень. Так і працягваюць яны адно жыццё на дваіх, поўнае клопату, цяпла і бязмежнай любові.
Клаўдзія БОСАК.