На тэрыторыі выселенай вёскі Амелькаўшчына аднавілі скульптуру безыменнага воіна.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў навакольных лясах вёскі Амелькаўшчына размяшчаўся партызанскі атрад імя А.В. Суворава. У студзені 1943 года ён вёў баі супраць карнікаў. У чэрвені 1943 года фашысцкія акупанты спалілі 135 двароў і забілі 54 мірных жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 252 жыхары Амелькаўшчанскага сельскага Савета.
У памяць аб загінуўшых ў цэнтры вёскі ў 1970 годзе быў усталяваны помнік – скульптура воіна.
Сёлета ў красавіку у рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2015-2020 гады і плана па ўтрыманню зон адчужэння і адсялення па Гомельскай вобласці на 2018 год Адміністрацыя зон адчужэння і адсялення МНС Рэспублікі Беларусь на выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту сродкі арганізавала бягучы рамонт помніка.
Усе работы выкананы сіламі калектыву раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны якасна і ў запланаваны тэрмін ухілілі пашкоджанні на мемарыяле: аднавілі тынкоўку, пафарбавалі помнік і прывялі ў парадак клумбы.
Я. КРАЎЧАНКА, галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння.