Хто дбае – той мільёны мае

Сельское хозяйство

У канцы мінулага года ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна выйшлі на новы ўзровень па вытворчасці малака. Прычым атрыманы рост датычыць не толькі колькасных, але і якасных паказчыкаў. Гэтыя пазітыўныя змены не засталіся кароткачасовым рыўком і ў першым месяцы года набылі характар упэўненага і паступальнага руху наперад.
Як гэта адбілася на заработнай плаце работнікаў, занятых у сферы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства «Веляцін» Р.А. ГАРДЗЕЙЧЫК.



– Рыгор Аляксандравіч, у параўнанні з данымі па надоях за студзеньскія дні мінулага года ваша сельгаспрадпрыемства ў сярэднім плюсуе на 35-40 працэнтаў. Што стала прычынай такога адчувальнага росту?
–  Тут спрацавала  цэлая сукупнасць прынятых мер. Рацыён кармлення жывёлы нам удалося значна ўзбагаціць бялкамі. Сваю высокую аддачу даў кукурузны сілас з 30-35-працэнтным утры-маннем зерня, якога мы нарыхтавалі ў дастатковай колькасці. Дзякуючы выдзеленым райвыканкамам фінансавым сродкам, усе гаспадаркі раёна зараз маюць магчымасць бесперабойна атрымліваць багатыя бялкамі камбікармы – гэта яшчэ адна значная складаемая росту.
Усе нашы жывёлагадоўчыя фермы канчаткова перайшлі на трохразовае даенне кароў. Да таго ж, на пачатак 2012 года мы павялічылі да 1170 галоў дойны статак за кошт уводу ў яго нецеляў. Больш дойных кароў – больш і малака.



– Як адбіліся гэтыя змены на зарплаце аператараў машыннага даення?
– Натуральна, што выраслі. Напрыклад, ужо за снежань мінулага года даяркі атрымлівалі ў нас па 2,5-3 і нават болей мільёнаў рублёў. Не ўсе, канешне, бо ў разлік бярэцца і колькасць надоенага малака, і яго якасць пры рэалізацыі, і колькасць абслугоўваемай групы кароў. Так, даярка, у групе якой 80 кароў, заробіць больш, чым тая, якая абслугоўвае 50.
Добра гэта ці дрэнна, але з-за таго, што ў нас пакуль што не хапае падменных даярак, у групах многіх асноўных аператараў машыннага даення колькасць кароў перавышае звычайную (50). Гэта таксама абумоўлівае рост зарплаты.
Вялікае значэнне мае і якасць атрыманага малака. Нездарма па выніках снежня самай высокай у сярэднім па МТФ зарплата была на Звеняцкоўскай малочнатаварнай ферме – 1870000 рублёў (уключаючы ўвесь абслуговы персанал – даглядчыкаў, слесараў, качагараў, вартаўнікоў). Менавіта з гэтай фермы ў снежні ўсё малако рэалізавалася выключна гатункам «экстра». Ім жа яно прадаецца і зараз.
Сваю ролю адыгрываюць і паказчыкі прыплоду: чым ён вышэйшы, тым большая і заработная плата даяркі, у чыёй групе больш ацёлаў.



– Якіх лічбаў можна чакаць у разліковых лістках за студзень 2012 года?
–  Улічваючы павышэнне тарыфнай стаўкі І разраду ў цэлым па краіне, а таксама той факт, што, у параўнанні са снежнем мінулага года мы з уласнага фонду заработнай платы павысілі на 53 працэнты дзеючыя расцэнкі для аператараў машыннага даення, можна смела прагназаваць зарплаты самых працавітых аператараў машыннага даення на ўзроўні 3,5 – 4 мільёнаў рублёў. Усё па справядлівасці: хто дбае – той і мільёны мае.



Гутарыў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *