Песні спявалі, у вянок упляталі…

Рэха падзеі

31 студзеня – 2 лютага ў ДПТВ-183 праходзіў першы этап VII Рэспубліканскага фестывалю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучэнцаў, работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі «Беларускі вянок». Праграма мерапрыемства  прадугледжвала  правядзенне чатырох  конкурсаў. Усе каманды, а іх было 14, плённа рыхтаваліся да  творчага спаборніцтва. Удзельнікі імкнуліся ўразіць, захапіць і здзівіць гледачоў і журы. У іх атрымалася выклікаць сапраўдны фурор.



Першы конкурс «Прадстаўленне каманды» ўключаў у сябе апавяданне аб дасягненнях у розных відах і жанрах дэкаратыўна-прыкладнога мас-тацтва, народных традыцыях, фальклоры нашага рэгіёна. Прадстаўленне каманды таксама адлюстроўвала моманты прафесійнай накіраванасці дзейнасці навучальнай установы, эпізоды з жыцця вучнёўскіх калектываў.



Ясь і Яніна, у гонар якіх быў названы другі конкурс, –    народныя вобразы беларусаў. Прадстаўнікі кожнай каманды павінны былі прымерыць іх на сабе. Лепш за ўсіх з роллю Яніны справілася Ганна Рыжалоўская (група № 29). Акрамя таго, былі прадстаўлены інсцэніроўкі народных свят, беларускіх абрадаў, традыцый і звычак. Гледачы з захапленнем назіралі за цікавымі дзеямі на сцэне. «Калядкі», «Уваходзіны», «Купалле», «Гуканне вясны», «Сваты», «Кірмаш» – кожнае свята было пранікнута мясцовым каларытам: песні і танцы, прыказкі і прымаўкі, атрыбутыка і касцюмы – яскравае відовішча. Найбольш запамінальнымі, актыўнымі, артыстычнымі ў гэтым конкурсе былі Анастасія Крус (група № 18), Алена Гардзейчык (№19), Марыя Рудабелец (№26), Мікалай Лямешка (№38), Дзмітрый Касабуцкі (№ 36), Дзмітрый Лешчанок (№ 25). Нельга не адзначыць выдатную сумесную работу навучэнцаў, выкладчыкаў і бацькоў. Так, у падрыхтоўцы да выступлення камандзе 11-й групы дапамагаў бацькоўскі камітэт на чале з  Л.У. Мыслік.
Мадэльерныя здольнасці навучэнцы праявілі ў конкурсе «Планета мод» (на здымку). Атрымаўся сапраўды відовішчны паказ, былі прадстаўлены арыгінальныя калекцыі  мужчынскага і жаночага адзення пад агульнай назвай «Весенняя капель». На адным дыханні прайшла прэзентацыя касцюмаў з элементамі народнага стылю, маладзёжнай моды, вячэрняга ансамблю. Лепшымі дызайнерамі аказаліся прадстаўніцы 18, 19, 28, 29, 38 груп і рабяты з 25 групы.  



Доказам таго, што вучылішча багатае на ўмелых майстроў і майстрыц, стала выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мас-тацтва, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя вырабы, зробленыя рукамі навучэнцаў з пачатку бягучага навучальнага года. 



На працягу трох гэтых дзён у вучылішчы панавалі святочная атмасфера і прыўзняты настрой. Навучэнцы, выкладчыкі, бацькі разам   плялі  Вянок з песен, танцаў, інсцэніровак, каб пераможцы конкурсу прадставілі яго на абласным этапе фестывалю. Гэтую ганаровую місію выканае каманда групы № 29.



 Пажадаем ёй поспехаў!


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *