Вытрымаць адказны экзамен

Сельское хозяйство

Як   пасееш, так і пажнеш  –  некалькі перафразаваўшы народную мудрасць, гэта можна сказаць аб падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. Адказная сельскагаспадарчая кампанія не за гарамі, ад тэхнічнага стану машын і механізмаў у асноўным залежыць тое, як яна пройдзе, ды і, урэшце рэшт, той ураджай, які збяром сёлета.



Як прыемны факт адзначу, што машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў раёна сёлета значна папоўніўся. Паступіла 27 новых трактараў МТЗ-82, атрыманы таксама 2 машыны для падкормкі і апрацоўкі пасеваў, 2 глебапасяўныя агрэгаты, 4 дыскатары.



Што датычыць трактараў,  то іх налічваецца зараз 219 адзінак, у тым ліку энерганасычаных – 18, гатоўнасць іх па  стану  на   22 лютага складае адпаведна 92 і 78%. Паказчык па энерганасычанай тэхніцы невысокі з-за таго, што на рамонце на Гомельскім маторарамонтным заводзе знаходзяцца 3 рухавікі трактараў КСУП «Веляцін», «Судкова» і эксбазы «Стралічава» і каробка пераменных перадач з КСУП імя Мележа на Мінскім трактарным заводзе.



Гатоўнасць  глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў складае 90%. У гэтым сэнсе марудзяць у эксбазе «Стралічава», КСУП «Аравічы», «Хойніцкім Аграсервісе».  На 95%  падрыхтаваны сеяльныя агрэгаты, патрабуецца рамонт сеялкі маркі «Інтэгра» КСУП «Велікаборскі». Гэтай гаспадарцы, а таксама КСУП «Аравічы» і «Аграсервісу» патрэбна паскорыць тэмпы рамонту дыскавых барон і дыскатараў. На 94% падрыхтаваны машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў, на 93% –  арганікі.
У сувязі з плануемым пашырэннем плошчаў пад кукурузу да 10 тысяч гектараў будзе набыта 9 адзінак сеялак вытворчасці Мазырскага тэхаграсервісу.



Зараз лепшым чынам абстаяць справы з падрыхтоўкай тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах «Веляцін», «Судкова», імя Мележа. Горш за іншых – у агракамбінаце «Віць» і КСУП «Велікаборскі». У апошняй гаспадарцы цяжка весці  якасна рамонт з-за таго, што па прычыне няўплаты адключана электраэнергія ў рамонтнай майстэрні.
Пры раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання створана рабочая група па кантролю за якасцю рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавых палявых работ. Пастаўлена задача  –  вывесці на лінейку гатоўнасці яе да 1 сакавіка, каб у аптымальныя тэрміны правесці яравую сяўбу на 15 715 гектарах.
Адначасова вырашаюцца пытанні забеспячэння палівам,  механізатарскімі кадрамі, арганізацыі гарачага харчавання ўдзельнікаў пасяўных работ.



А. КАЛЫХАН,  галоўны інжынер райсельгасхарчу.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *