12 мая ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень медыцынскай сястры. Дата гэта выбрана не выпадкова, менавіта ў гэты дзень нарадзілася англічанка Флорэнс Найцінгейл – фактычная заснавальніца гэтай адной з самых гуманных прафесій.
У Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы працуюць 270 медыцынскіх сясцёр сярэдняга звяна і 138 – малодшага. Гэтыя лічбы агучыла галоўная медсястра раёна З.А. Новік. Сама яна закончыла Мазырскае медыцынскае вучылішча, у галіне аховы здароўя працуе вось ужо 25 гадоў.
Як адзначыла Зінаіда Аляксандраўна, галоўнае ў яе спецыяльнасці – гэта прыстойнасць, дабрыня, спагада і здольнасць перажыць чужы боль, шчырае імкненне аблегчыць яго і зрабіць гэта кваліфікавана і ўмела.
З гэтай мэтай усе медыцынскія сёстры раёна павінны не менш чым адзін раз у 3 гады пабываць на курсах павышэння кваліфікацыі ў Гомелі. Таксама кожнае паўгоддзе медыцынскія сёстры здаюць экзамен на адпаведнасць прафесійнай кваліфікацыі.
На пытанне аб тых, каго можна назваць лепшымі ў сваёй прафесіі, Зінаіда Аляксандраўна адказала так:
– У першую чаргу адзначу ўсіх старшых медсясцёр і двух нашых старшых фельчараў. Менавіта яны – галоўныя памочнікі ў маёй паўсядзённай рабоце. Што датычыць астатніх, то скажу, што ўсе медыцынскія сёстры працуюць сумленна і адказна. Людзей чэрствых і абыякавых сярод нас няма.
Напярэдадні свята ў ЦРБ прайшоў традыцыйны ўрачысты сход і канцэрт мастацкай самадзейнасці, самыя лепшыя атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Імклівы час і бурны тэхнічны прагрэс уносяць свае змены ў многія прафесіі і спецыяльнасці, з удасканальваннем медыцынскай тэхнікі ўваходзяць яны і ў работу медыцынскіх сясцёр. Аднак ні адзін камп’ютар і ні адзін робат не змогуць падарыць хвораму чалавеку тае дабрыні, спагады і надзеі на выздараўленне, якую даюць яму медыцынскія, якіх некалі дакладна назвалі сёстрамі міласэрнасці. Са святам вас, мілыя, добрыя, абаяльныя і сціплыя працаўніцы!
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.